Намесьнік старшыні Сьледчага камітэта Беларусі Анатоль Васільеў расказаў БелТА пра гучныя карупцыйныя злачынствы, якія былі раскрытыя толькі ў 2023 годзе.
Паводле Васільева, факты хабарніцтва былі выяўленыя на такіх прадпрыемствах, як
- «Нафтан»,
- «Газпрам трансгаз Беларусь»,
- Менскі трактарны завод,
- БелАЗ,
- вытворчае аб’яднаньне «МАПІД»,
- завод «Атлянт»,
- «558 авіярамонтны завод».
Васільеў паведаміў таксама пра хабарніцтва ў адным з буйных банкаў краіны, дзе памер хабараў перавысіў 1,5 млн. рублёў, пры чым былому старшыні праўленьня перадалі 600 тысяч рублёў.
Таксама вядзецца расьсьледаваньне ў адносінах кіраўніцтва неназванага прадпрыемства па вырабе прадуктаў харчаваньня.
Кіраўніцтва яшчэ аднаго прадпрыемства адгружала прадукцыю за мяжу па заніжаных цэнах на адрас падкантрольнага прадпрыемства, а потым прадавала па рынкавых коштах, паведаміў Васільеў. Па адной са спраў, якая была скончаная ў канцы 2022 года, хабар склаў 1 млн. даляраў.
Паведаміў Васільеў таксама пра тое, што Сьледчы камітэт не спыняе дзейнасьці супраць «экстрэмістаў» і «экстрэмісцкіх фармаваньняў». Па яго словах, на завяршальным этапе знаходзіцца справа пра «пэрсанажа», які ўдзельнічаў у каардынацыі пратэстных акцый і «зьдзейсьніў шэраг іншых цяжкіх злачынстваў». Прозьвішча Васільеў не назваў.
Ён таксама папярэдзіў, што «напярэдадні электаральнай кампаніі ўсе сьледчыя органы знаходзяцца ў пастаяннай гатоўнасьці да рэагаваньня на любыя спробы сарваць або ўмяшацца ў выбарчы працэс».
14 сьнежня 1993 году, дэпутат Вярхоўнага Савета ляксандар Лукашэнка выступіў з дакладам, які ўвайшоў у гісторыю як «антыкарупцыйны». Менавіта гэты даклад перадвызначыў посьпех Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах 1994 года.