У праекце прадугледжаны два варыянты рашэньня наконт Малдовы і Ўкраіны. У адным абвяшчаецца аб пачатку перамоваў наконт уступленьня гэтых дзьвюх краінаў у ЭЗ. Другі варыянт рашэньня абумоўлівае пачатак перамоваў з Кішынёвам і Кіевам выкананьнем умоваў, выкладзеных у папярэдніх рашэньнях Эўразьвязу.
Наконт перамоваў з Грузіяй у праекце фігуруе толькі варыянт, у якім пачатак перамоваў абумоўлены выкананьнем папярэдніх рашэньняў Эўразьвязу.
У дакумэнце тройчы ўзгадваецца Беларусь. У ім:
- Эўразьвяз заклікае Менск (і Маскву) вярнуць ва Ўкраіну незаконна дэпартаваных і вывезеных украінскіх дзяцей і іншых цывільных асобаў.
- Эўразьвяз асуджае працяг ваеннай падтрымкі агрэсіўнай вайны Расеі з боку Беларусі, Ірану і КНДР.
- ЭЗ асуджае інструмэнталізацыю мігрантаў у палітычных мэтах і заяўляе аб рашучасьці супрацьстаяць гібрыдным нападам на сваіх вонкавых межах, якія працягваюць арганізоўваць Расея і Беларусь.
У праекце рэзалюцыі таксама пацьвярджаецца гатоўнасьць ЭЗ надаваць усебаковую дапамогу Ўкраіне столькі часу, колькі спатрэбіцца, гаворыцца пра намаганьні ў стварэньні трыбуналу для судовага перасьледу злачынстваў супраць Украіны.
Канчатковыя рашэньні саміту Эўразьвязу могуць адрозьнівацца ад прапанаваных у праекце.
Раней зь пярэчаньнямі наконт пачатку перамоваў аб уступленьні Ўкраіны і Малдовы ў Эўразьвяз выказваўся прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан.
Кіраўнік ураду Славаччыны Робэрт Фіца назваў Украіну «не гатовай» да пачатку перамоваў аб уступленьні ў Эўразьвяз, але паабяцаў, што Браціслава ня будзе блякаваць гэтае рашэньне падчас саміту ЭЗ 14–15 сьнежня.