Горадзенскі абласны суд зьліквідаваў міжнародную грамадзкую арганізацыю «Клуб „Гярвечай“». Інфармацыя пра гэта зьявілася ў банку судовых рашэньняў, піша Hrodna.life.
Прычынай для ліквідацыі паслужыла тое, што абʼяднаньне на працягу трох гадоў нібыта своечасова не падавала інфармацыю аб сябрах арганізацыі, яе дзейнасьці і імпрэзах.
Абʼяднаньне зарэгістравалі ў вёсцы Рымдзюны Астравецкага раёну ў 1994 годзе. Яно ладзіла імпрэзы разам з Астравецкім райвыканкамам і пасольствам Літвы ў Беларусі, удзельнічала ў выданьні кніг. У арганізацыі былі 394 сябры, яе мэтамі ўдзельнікі вызначылі супрацоўніцтва і ўмацаваньне даверу і ўзаемаразуменьня паміж народамі Беларусі і Літвы, захаваньне гістарычнай памяці і культуры.
Старшыня грамады— Альфонсас Аўгуліс. Пазоў у суд падало Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Судзьдзя — Юры Карэцкі.
Таксама ў Рымдзюнах была школа зь літоўскай мовай навучаньня. Яе пабудавалі за кошт Літвы ў 1996 годзе. Але ў 2022 годзе літоўскую школу закрылі.
У красавіку той жа суд зьліквідаваў літоўскую арганізацыю «Гімціне» ў вёсцы Пеляса. Яно было першым афіцыйна зарэгістраваным абʼяднаньнем літоўцаў у Беларусі.
Пазоў у суд падала Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Судзьдзя — той жа Юры Карэцкі.
Паводле апошніх зьвестак, у Астравецкім раёне жывуць каля 750 этнічных літоўцаў.