Палата прадстаўнікоў Кангрэса ЗША 11 сьнежня прыняла законапраект аб забароне на імпарт расейскага ўрану, якая павінна запрацаваць праз 90 дзён пасьля набыцьця законам моцы.
«Рызыкі захаваньня залежнасьці ад Расеі ў галіне ядзернага паліва проста занадта вялікія, — заявіла перад галасаваньнем кангрэсвумэн, рэспубліканка Кэці Макморыс Роджэрс. — Яны аслабляюць паліўную інфраструктуру Амэрыкі, якая значна скарацілася праз залежнасьць ад гэтага таннага паліва».
Законапраект яшчэ павінен прайсьці праз Сэнат ЗША і быць падпісаны прэзыдэнтам Байдэнам, аднак незразумела, ці хопіць часу ў раскладзе Сэнату для галасаваньня па гэтым пытаньні да канца году.
Па дадзеных Упраўленьня энэргетычнай інфармацыі ЗША, у 2022 годзе амэрыканскія атамныя электрастанцыі імпартавалі каля 12% урану з Расеі. Для параўнаньня, з Канады было імпартавана 27%, з Казахстан у— 25%. Па дадзеных EIA, сёлета Злучаныя Штаты вырабілі каля 5% урану, які выкарыстоўваецца ўнутры краіны.
Злучаныя Штаты забаранілі імпарт расейскай нафты пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе і разам зь іншымі заходнімі краінамі ўвялі абмежаваньне на экспарт нафты і нафтапрадуктаў марскім шляхам, аднак імпарт урану забаронены ня быў.