Прэзыдэнтка Ўнівэрсытэта Пэнсыльваніі Ліз Мэгіл аб'явіла, што пакідае сваю пасаду. Раней яе рэзка раскрытыкавалі з прычыны выказваньняў, якія маглі быць расцэнены як антысэміцкія.
У аўторак у Палаце прадстаўнікоў Кангрэса ЗША Мэгіл разам з кіраўнікамі некалькіх іншых вядучых амэрыканскіх унівэрсытэтаў брала ўдзел у слуханьнях, прысьвечаных росту антысэміцкіх настрояў у ВНУ праз падзеі з сэктары Газа. На пытаньне кангрэсмэнкі Элізы Стэфанік, ці можна лічыць заклікі да генацыду габрэяў парушэньнем кодэксу паводзін іх унівэрсытэтаў, Мэгіл адказала ўхіліста, хоць Стэфанік прасіла даць адказ «так» ці «не».
Яшчэ два прадстаўнікі прэстыжных амэрыканскіх ВНУ – прэзыдэнтка Гарвардзкага ўнівэрсытэта Клодзін Гей і прэзыдэнтка Масачусэцкага тэхналягічнага інстытута (MIT) Салі Корнблют – таксама ўхіліліся ад прамога адказу, заявіўшы, што заклікі да генацыду габрэяў могуць не парушаць кодэкс паводзін, калі яны не пераходзяць ад заклікаў да дзеяньняў, і што падобныя выказваньні могуць «залежаць ад кантэксту».
Гэта выклікала бурную рэакцыю ў амэрыканскіх і міжнародных СМІ і ў сацыяльных сетках. Больш за 70 кангрэсмэнаў падпісалі адкрыты ліст з патрабаваньнем звальненьня Мэгіл, Гей і Корнблют. Заканадаўцы кажуць пра «выбух антысэмітызму» ва ўнівэрсытэцкіх кампусах і асуджаюць тлумачэньні рэктараў. Шэраг буйных філянтропаў абʼявілі, што спыняць ахвяраваньні ўнівэрсытэтам.
Пасьля пачатку Ізраілем ваенных дзеяньняў у сэктары Газа ў адказ на атаку 7 кастрычніка групоўкі ХАМАС, прызнанай тэрарыстычнай у ЗША і ЭЗ, у многіх унівэрсытэтах ЗША прапалестынскі настроеныя студэнцкія супольнасьці выступілі з асуджэньнем Ізраіля. У некаторых выпадках яны заклікалі да дыскрымінацыі студэнтаў-ізраільцян і габрэяў. Студэнты-габрэі паведамлялі, што баяцца прыходзіць на заняткі і пакідаць свае пакоі ў інтэрнатах кампусаў, а ўнівэрсытэты не даюць ім абароны.