Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другі дзень Стратэгічнага дыялёгу — чаго чакаць?


Сымболіка Стратэгічнага дыялёгу ЗША і дэмакратычных сілаў Беларусі.
Сымболіка Стратэгічнага дыялёгу ЗША і дэмакратычных сілаў Беларусі.

У Вашынгтоне працягваецца Стратэгічны дыялёг «Беларусь — ЗША» з удзелам прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў Беларусі і прадстаўнікоў амэрыканскага істэблішмэнту. 7 сьнежня — другі дзень дыялёгу.

Асноўныя тэмы сёньняшніх дыскусій:

  • дапамога прыватнаму сэктару і беларускім бізнэсам;
  • падтрымка незалежных СМІ, барацьба з дэзынфармацыяй.

Пра склад удзельнікаў, пляны другога дня і магчымыя вынікі перамоваў расказаў галоўны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка:

«Мэта першай сэкцыі — выпрацаваць плян супрацоўніцтва: што амэрыканскі прыватны сэктар можа зрабіць для беларускіх кампаній. Якім чынам падтрымаць рэпрэсаваных бізнэсоўцаў, якія былі вымушаныя выехаць зь Беларусі, а таксама якім чынам паказаць беларусам пазытыўную альтэрнатыву ў будучыні.

У сэкцыі, прысьвечанай СМІ, мы будзем гаварыць пра барацьбу з дэзынфармацыяй. Вельмі важна, каб незалежныя беларускія журналісты, рэпрэсаваныя ўладамі, мелі падтрымку ад ЗША. Амэрыканскія тэхналягічныя кампаніі могуць дапамагчы мэдыя ў вырашэньні практычных пытаньняў. Магчыма, у выніку дыялёгу зьявяцца дамоўленасьці пра правядзеньне супольных івэнтаў, трэнінгаў, стажыровак для нашых журналістаў і блогераў».

Напярэдадні беларускія прадстаўнікі расказалі пра фармаваньне двухбаковай групы па палітвязьнях, а прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША заявіў, што да вызваленьня палітвязьняў зьмякчэньня санкцыяў ня будзе

Прэс-сакратар Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Мэт’ю Мілер таксама падкрэсьліў, што ЗША «радыя прымаць першы Стратэгічны дыялёг паміж ЗША і беларускім дэмакратычным рухам і вітаць беларускага дэмакратычнага лідэра Сьвятлану Ціханоўскую ў Дзярждэпартамэнце», паведаміла прэс-служба Ціханоўскай.

Што да санкцыяў, Мілер нагадаў, што 6 сьнежня офіс кантролю за замежнымі актывамі Казначэйства ЗША ўвёў санкцыі ў дачыненьні 19 фізычных і юрыдычных асобаў, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі, працуюць у беларускім абаронным сэктары і падтрымліваюць Расею ў яе ваеннай агрэсіі супраць Украіны.

  • З 4 па 8 сьнежня адбываецца візыт Сьвятланы Ціханоўскай у Злучаныя Штаты Амэрыкі.
  • 4 сьнежня яна выступіла ў Ейльскім унівэрсытэце і заклікала арганізаваць там Беларускі цэнтар.
  • 5 сьнежня ў Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША з удзелам Сьвятланы Ціханоўскай прайшлі слуханьні «Будучыня свабоды і дэмакратыі ў Беларусі», якія арганізаваў падкамітэт у справах Эўропы камітэту міжнародных зносін Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША.
  • Падчас слуханьняў абмяркоўвалі палітыку ЗША ў дачыненьні Беларусі, санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, дапамогу грамадзянскай супольнасьці. На пытаньні амэрыканскіх кангрэсмэнаў адказвала Сьвятлана Ціханоўская.
  • Падчас адкрыцьця слуханьняў старшыня падкамітэту ​Томас Х. Кін-малодшы выступіў з прамовай, падчас якой назваў Аляксандра Лукашэнку «нелегітымным дыктатарам» і падкрэсьліў, што ў 2020 годзе рэжым Лукашэнкі пачаў перасьлед пратэстоўцаў, у тым ліку журналістаў — і згадаў імёны палітзьняволеных журналістаў Радыё Свабода — Ігара Лосіка і Андрэя Кузьнечыка, адзначыўшы, што цяпер агулам за кратамі знаходзяцца каля 1500 палітвязьняў.
  • 6–8 сьнежня ў Вашынгтоне адбываецца першы Стратэгічны дыялёг ЗША – Беларусь, дзе амэрыканскі бок прадстаўляюць урадоўцы, а беларускі — дэмакратычныя сілы, што знаходзяцца ў апазыцыі да фактычнага кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG