Яны просяць разгледзець рашэньне аб прызнаньні іх пашпартоў, нягледзячы на тое, што тэрмін іх дзеяньня заканчваецца або ўжо скончыўся, паведамляе чарнагорская служба «Радыё Свабода».
Гэта зьвязана з тым, што беларусы больш ня могуць працягваць пашпарты ў амбасадах: рашэньнем афіцыйнага Менску ад 6 верасьня прадугледжана, што беларусы, якія жывуць за мяжой, павінны вярнуцца на радзіму для атрыманьня новых пашпартоў і іншых дакумэнтаў.
Каб прыцягнуць увагу Чарнагорыі да сваіх праблемаў, беларуская дыяспара правяла мітынг 12 лістапада ў Падгорыцы.
Адзін з удзельнікаў акцыі Аляксандар Бубін заявіў Радыё Свабода, што большасьць ягоных суайчыньнікаў уцякла ад рэпрэсіяў рэжыму Лукашэнкі, і ў выпадку вяртаньня яны баяцца расправы за сваю антырэжымную дзейнасьць.
«Мы ня хочам парушаць законы Чарнагорыі, але мы ня можам іх выконваць, не рызыкуючы трапіць у турму або трапіць пад палітычныя рэпрэсіі ў нашай роднай Беларусі», — кажа Бубін.
Ён адзначае, што многія з дакумэнтаў, якія можна атрымаць толькі ў Беларусі, неабходныя для атрыманьня віду на жыхарства.
Пакуль урад Чарнагорыі ніяк ня выказаўся па гэтым пытаньні. Чарнагорская служба Радыё Свабода таксама зьвярнулася ў офіс прэм’ер-міністра Чарнагорыі і Міністэрства замежных спраў краіны з просьбай пракамэнтаваць сытуацыю, але і пасьля некалькіх дзён чаканьня не атрымала ніякага адказу.
- 4 верасьня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 278 «Аб парадку выдачы дакумэнтаў і зьдзяйсьненьня дзеяньняў», які пазбавіў замежныя ўстановы Беларусі, то бок пасольствы і консульствы, магчымасьці падаўжаць тэрмін дзеяньня пашпарту беларускага грамадзяніна і выдаваць новыя дакумэнты.
- Як вынік, тысячы беларускіх грамадзян, якія пражываюць за мяжой, страцілі магчымасьць абмяняць ці атрымаць новы пашпарт у краіне пражываньня ці працы. Многія зь беларусаў вымушаныя былі пакінуць краіну з палітычных прычын, на радзіме ім пагражаюць катаваньні і турэмнае зьняволеньне.