«Пайшла зь жыцьця Людміла Генрыхаўна Бржазоўская, першая Кармэн, Эва, Нэле, Фрыгія, Маша, Умілаваная ў пастаноўках Валянціна Елізар’ева «Кармэн-сюіта», «Стварэньне свету», «Тыль Уленшпігель», «Спартак», «Шчаўкунок», «Карміна Бурана». Ёй аплядавала публіка практычна ўсяго сьвету, яе талентам захапляліся, яе абагаўлялі, — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні Нацыянальнага тэатру опэры і балету Беларусі.
Людміла Бржазоўская нарадзілася ў Менску. Скончыла Беларускае дзяржаўнае харэаграфічнае вучылішча. З 1966 года яна была артысткай балету Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатру опэры і балета БССР. Першай буйной працай на сцэне тэатра стала партыя Сольвейг у балеце «Пэр Гюнт» (1967). Стажавалася ў Ленінградзкім тэатры опэры і балету ў Натальлі Дудзінскай.
Званьне народнай артысткі Беларусі Людміла Бржазоўская атрымала, калі ёй было 29 гадоў.
«Ёй захапляўся знакаміты італьянскі рэжысэр Франка Дзефірэлі. Яе вельмі часта параўноўвалі з галівудзкай зоркай Одры Хепбэрн. Людміле Генрыхаўне Бржазоўскай было 77 гадоў. Калектыў Вялікага тэатру Беларусі бязьмерна смуткуе ў сувязі са сьмерцю легенды балету і выказвае шчырыя спачуваньні яе родным і блізкім», — адзначаюць калегі Людмілы Бржазоўскай.