Кітай гатовы працягваць умацоўваць стратэгічнае супрацоўніцтва зь Беларусьсю, заявіў старшыня КНР Сі Цзіньпін пасьля сустрэчы з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам 4 сьнежня.
Сі Цзіньпін таксама заявіў, што Кітай гатовы ўзмацняць каардынацыю і супрацоўніцтва зь Беларусьсю ў такіх шматбаковых мэханізмах, як Арганізацыя Аб’яднаных Нацый і Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва, паведамляе кітайскае афіцыйнае інфармацыйнае агенцтва Сіньхуа.
Кітайскае агенцтва адзначыла, што бакі абмяркоўвалі і вайну ва Ўкраіне. Імаверна, гаворка ішла пра транспартныя калідоры, якія пацярпелі ў сувязі з баявымі дзеяньнямі.
Лукашэнка вітаў надзейную дружбу сваёй краіны з Кітаем, піша AFP. Ён і Сі абмеркавалі пытаньні, уключаючы «гандаль, эканоміку, інвэстыцыі і міжнароднае супрацоўніцтва».
Апошні раз Лукашэнка прыяжджаў у Кітай у лютым, гэтая паездка выклікала пільную ўвагу з прычыны ўварваньня Масквы ва Ўкраіну.
«Беларусь ёсьць, была і будзе надзейным партнэрам для Кітая», — сказаў Лукашэнка Сі Цзіньпіну.
«Гэтай дружбе больш за 30 гадоў, і мы ніколі ня збочвалі з гэтага шляху», — дадаў ён.
Сі Цзіньпін высока ацаніў цьвёрдую падтрымку Беларусі ў пытаньнях ключавых інтарэсаў Кітая, піша CGTN. Ён зазначыў, што Кітай, у сваю чаргу, рашуча падтрымлівае «адэкватны шлях разьвіцьця Беларусі», выступае супраць любога ўмяшаньня вонкавых сіл у яе ўнутраныя справы, гатовы разам прасоўваць рэалізацыю Ініцыятывы ў глябальным разьвіцьці і Ініцыятывы ў глябальнай бясьпецы дзеля абароны міжнароднай справядлівасьці і раўнапраўя.
Кітай зацікаўлены ў падтрыманьні цесных кантактаў зь Беларусьсю, паглыбленьні двухбаковага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў інвэстыцыйнай і гандлёва-эканамічнай сфэры, прасоўваньні зялёнага, «разумнага», экалягічнага і лічбавага разьвіцьця кітайска-беларускага індустрыяльнага парку.
Бакі выказалі гатоўнасьць праводзіць мерапрыемствы ў рамках Гадоў міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, наладжваць сумесную адукацыю ў ВНУ. Кітай будзе працягваць аказваць Беларусі падтрымку і дапамогу ў барацьбе з каранавірусам.
Лукашэнка падзякаваў Сі Цзіньпіну за сустрэчу і за «апэратыўнасьць», для якой кітайскі кіраўнік знайшоў час, нягледзячы на свой напружаны графік. Ягоныя словы перадае БелТА. Таксама ён адзначыў, што пасьля іхнай сустрэчы 1 сакавіка паміж Кітаем і Беларусьсю адбылося больш за 120 узаемных візытаў.
«Самае галоўнае, што мэтай вы вызначылі адзіны лёс чалавецтва. У адрозьненьне ад заходніх краін, якія спрабуюць расьсекчы ўсё на часткі, вы паставілі адзіную мэту для ўсіх. Хто можа спрачацца з гэтым? Ніхто. Сьвет будзе за гэта ўдзячны вялікаму Кітаю», — сказаў Лукашэнка.
Сі Цзіньпін прадставіў канцэпцыю Супольнасьці адзінага лёсу чалавецтва ў 2012 годзе ў Кітаі. Крытыкі Кітаю адзначылі, што такім чынам Пэкін хоча проста распаўсюдзіць і пашырыць свой уплыў на іншыя краіны і рэгіёны сьвету.
Раней Лукашэнку не запрасілі на сьвяткаваньне 10-годзьдзя Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС).