У Магаданскай вобласьці РФ закрылі мэмарыяльны пакой пісьменьніка, аўтара «Калымскіх апавяданьняў» Варлама Шаламава, разьмешчаны ў будынку сухотнага дыспансэру ў пасёлку Дзебін. Пра гэта паведамляе Сибирь.Реалии.
У музэі захоўваюцца розны рыштунак і працоўныя інструмэнты калымскіх зьняволеных, арыгіналы з асабістай бібліятэкі Шаламава, якія музэю перадала сям’я блізкай сяброўкі пісьменьніка, а таксама копіі ягоных рукапісных дзёньнікаў, узноўленыя мастачкай-валянтэркай.
Экспазыцыю 20 гадоў зьбіралі мясцовыя жыхары, краязнаўцы і гісторыкі. Гэтую лякарню Варлам Шаламаў ня раз апісваў у «Калымскіх апавяданьнях».
Рашэньне закрыць музэй прыняло абласное міністэрства аховы здароўя пасьля таго, як мясцовая журналістка расказала пра аварыйны стан шпіталя.
Будынак сапраўды аварыйны — да 2027 году гэты супрацьсухотны шпіталь зьбіраюцца закрываць, хоць будынак усё ж зносіць не наважваюцца. Тут разьмяшчаўся канвой, які пільнаваў рэпрэсаваных. А пасьля адкрылі шпіталь, у якім цудам выжыў сасланы сюды Шаламаў.
Варлам Шаламаў трапіў на Калыму пасьля другога арышту ў студзені 1937-га, калі яму далі пяць гадоў за «контрарэвалюцыйную трацкісцкую дзейнасьць». У 1943 годзе яму далі трэці тэрмін 10 гадоў за «антысавецкую агітацыю». У канцы таго году Шаламаў трапіў у лякарню ў цяжкім стане. Выратаваў яго зьняволены лекар Андрэй Панцюхоў, які пасьля ўладкаваў Шаламава на курсы фэльчараў. Пасьля курсаў у 1946 годзе Шаламава адправілі ў пасёлак Дзебін, дзе ён працаваў фэльчарам хірургічнага аддзяленьня.
У 1951 годзе Шаламаў вызваліўся, але яшчэ два гады працаваў фэльчарам пад Аймяконам. Праз чатыры гады ён падаў заяву ў Генэральную пракуратуру СССР аб рэабілітацыі, у 1956-м вайсковая калегія Вярхоўнага суду СССР скасавала пастанову асаблівай нарады НКВД 1937 году і прысуд вайсковага трыбуналу 1943 году — Шаламаў быў рэабілітаваны. Ён пераехаў у Маскву, і праз год часопіс «Знамя» ўпершыню надрукаваў ягоныя вершы.