Калекцыя скіфскага золата, якую Нідэрлянды вярнулі ва Ўкраіну, будзе знаходзіцца ў Нацыянальным музэі Ўкраіны ў Кіева-Пячорскай лаўры.
Як паведаміла Дзяржаўная мытная служба, яе адмыслоўцы пачалі мытнае афармленьне калекцыі.
«Проста цяпер грузавік з 2694 кіляграмамі культурных каштоўнасьцяў, вядомых пад агульнай назвай „Скіфскае золата“ заехаў на тэрыторыю Кіева-Пячорскай лаўры, дзе ў скарбніцы Нацыянальнага музэю Ўкраіны супрацоўнікі Кіеўскай мытні будуць ідэнтыфікаваць каштоўнасьці», — адзначаецца ў паведамленьні Дзяржаўнай мытнай службы.
Што папярэднічала
Выканаўца абавязкаў міністра культуры Ўкраіны Расьціслаў Карандзееў 22 лістапада паведаміў аб дасягненьні дамоўленасьці з археалягічным музэем Амстэрдамскага ўнівэрсытэту (Нідэрлянды) аб вяртаньні калекцыі скіфскага золата, якую вывезьлі для экспанаваньня да анэксіі Расеяй Крыму.
Калекцыя «Скіфскае золата» з 2014 году экспанавалася на выставе «Крым — залаты востраў у Чорным моры». Разам з гэтымі каштоўнасьцямі ва Ўкраіну вернуцца калекцыі з чатырох крымскіх музэяў — Цэнтральнага музэю Таўрыды, Керчанскага гісторыка-культурнага запаведніка, Бахчысарайскага гісторыка-культурнага запаведніка і нацыянальнага запаведніка «Херсанэс Таўрыдзкі».
У кастрычніку 2021 году Апэляцыйны суд Амстэрдаму вырашыў, што калекцыя скіфскага золата, вывезеная з Крыму да анэксіі паўвострава Расеяй у 2014 годзе, мае вярнуцца ва Ўкраіну, і такім чынам пацьвердзіў рашэньне, ухваленае 14 сьнежня 2016 году судом Амстэрдаму.