Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні пачаўся фэстываль культуры «Шлях», на адкрыцьці паказалі фільм пра Алеся Пушкіна ад сакрэтнага рэжысэра


У Вільні на фэстывалі культуры «Шлях» паказалі фільм пра загінулага мастака-палітвязьня Алеся Пушкіна
У Вільні на фэстывалі культуры «Шлях» паказалі фільм пра загінулага мастака-палітвязьня Алеся Пушкіна

Першы беларускі фэстываль «Шлях» прайшоў у лістападзе 2022 году ў Варшаве.

Праглядам фільма «Апошнія дні Алеся Пушкіна» ў Вільні адкрыўся фэстываль «Шлях: чалавек і супольнасьць у падарожжы». Расказваем коратка пра сам фэстываль і яго праграму.

Аргкамітэт фэстывалю складзены зь беларусаў, якія пасьля 2020 году мусілі выехаць за мяжу, але працягваюць рупіцца пра разьвіцьцё беларускай культуры на глебе культуры аб’яднанай Эўропы.

Сябра аргкамітэту Вольга Алейнік кажа, што мэта фэстывалю «Шлях» — дыялёг прадстаўнікоў культуры ўсходнеэўрапейскіх народаў, якія падзяляюць прынцыпы недатыкальнасьці чалавека і ягонай свабоды.

«Нас аб’ядноўваюць і каштоўнасьці хрысьціянскай маралі, але толькі хрысьціянскімі канфэсіямі мы сябе не абмяжоўваем», — зазначае Вольга.

У Вільні на фэстывалі культуры «Шлях» паказалі фільм пра загінулага мастака-палітвязьня Алеся Пушкіна. Пасьля паказу выступіў Алег Грузьдзіловіч
У Вільні на фэстывалі культуры «Шлях» паказалі фільм пра загінулага мастака-палітвязьня Алеся Пушкіна. Пасьля паказу выступіў Алег Грузьдзіловіч

Паводле актывісткі, фэстываль «Шлях» — гэта працяг вядомай культурніцкай пляцоўкі, якая пасьпяхова дзейнічала ў Беларусі з 2015 году, але цяпер ня можа сябе афішаваць. Не бярэцца Вольга раскрыць і сапраўднае імя рэжысэра фільму пра Алеся Пушкіна.

«У стужцы пазначана імя Раман Шэль, але гэта не сапраўднае імя аўтара. Сапраўднага мы назваць пакуль ня можам. Затое ўсе словы, якія глядач пачуе ў фільме, — гэта праўда, бо там няма аўтарскага тэксту, а толькі словы самога мастака. Пра сябе, пра сваё змаганьне, пра лёс і мару расказвае сам Алесь. Мы адмыслова ўзялі фільм пра яго нібыта эпіграфам да нашага фэстывалю. Лёс аднаго з найлепшых сучасных беларускіх мастакоў склаўся трагічна, але гэты лёс паказвае, што варта марыць і змагацца за сваю мару, як рабіў Алесь», — падзялілася думкамі Вольга Алейнік.

У апошніх кадрах фільму Алесь Пушкін выкульвае на дарогу тачку гною, на якім ляжыць партрэт Лукашэнкі. Гэты пэрформанс, які мастак зладзіў у 2021 годзе ў Кіеве, — дакладная копія такой жа акцыі ў Менску ў 1999 годзе, за якую ён быў асуджаны на 2 гады ўмоўна. Паўтарыўшы дзёрзкую мастацкую акцыю праз 22 гады, Алесь Пушкін вярнуўся ў Беларусь, хоць выдатна ўсьведамляў, што яго чакае на радзіме.

Пэрформанс Алеся Пушкіна ў Кіеве ў 2021 годзе, які ўвайшоў у фільм пра яго
Пэрформанс Алеся Пушкіна ў Кіеве ў 2021 годзе, які ўвайшоў у фільм пра яго

«Бо ў яго была мара аб пралесцы — новай Беларусі, і ён не саступіў сваёй мары», — тлумачыць учынак мастака, які памёр у няволі, Вольга Алейнік.

«На гэтым гнаі таталітарызму каб вырасла прыгожая, новая пралеска Беларусі, яркая кветка, такая, як былі гэтыя жанчыны зь белымі кветкамі. Як гэта прыгожа!» — нібыта кажа гледачам Алесь Пушкін у канцы фільму.

Фэстываль разьлічаны на тры дні. Праграма складзеная з дыскусій, лекцый, выставы партрэтаў палітвязьняў, вечарыны паэзіі, сцэнічнага пэрформансу, малітваў. Працоўнай мовай пазначаная ня толькі беларуская, але і польская, ангельская, літоўская, расейская — да іх гарантаваны беларускі пераклад.

  • Падзеяй пятніцы 24 лістапада стане лекцыя забароненага праваслаўнага сьвятара Аляксандра Шрамко, які праз адносіны праваслаўных цэркваў Ўкраіны закране актуальныя праблемы царкоўнага жыцьця і ў Беларусі. У суботу 25 лістапада перад тымі, хто завітае на фэстываль «Шлях», выступяць іншыя цікавыя выступоўцы.
  • Вядомы грамадзкі дзяяч з Польшчы Кшыштаф Чыжэўскі раскажа пра досьвед пабудовы адказнага грамадзтва на прыкладзе мястэчка Сейны, што на мяжы Польшчы зь Літвой.
  • Прафэсарка ЭГУ Раса Чапайцене раскажа пра літоўскі супраціў у савецкія часы.
  • У суботу таксама заплянаваны выступ віцэ-спікера Сейму Літвы Паўлюса Саўдаргаса. Ён раскажа, як літоўцы захоўваюць памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій — на досьведзе экспэдыцый пад Варкуту і ў Краснаярскі край Расеі.

Галоўнай фэстывальнай падзеяй нядзелі, 26 лістапада, стане пэрформанс «Беларускія палітычныя вязьні гавораць». Удзельнікі пастаноўкі загавораць галасамі вядомых беларускіх палітвязьняў Паліны Шарэнды-Панасюк, Ірыны Леўшынай, Алеся Пушкіна, Віктара Бабарыкі, Сьцяпана Латыпава, Насты Лойкі, былога палітвязьня Дзьмітрыя Гопты.

Фэстываль «Шлях» праходзіць на пляцоўцы дома-музэю Марыі Шлапялене і Юргіса Шлапяліса ў Вільні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG