Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шасьцёра прэтэндэнтаў. Расказваем, хто і за што сёлета можа атрымаць прэмію Гедройця


Прэмія імя Ежы Гедройця 2023 году
Прэмія імя Ежы Гедройця 2023 году

25 лістапада ў Гданьску адбудзецца ХІІ цырымонія ўзнагароджаньня ляўрэатаў прэміі імя Ежы Гедройця. Сёлета кніг-канкурэнтаў на прэмію была намінавана ўсяго паўтара дзясятка.

Журы вызначыць тры найлепшыя кнігі, напісаныя ў жанры мастацкай або дакумэнтальнай прозы і выдадзеныя ў 2022 годзе. Трое пераможцаў атрымаюць узнагароды.

Сёлета ў складзе журы:

  • паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч;
  • літаратуразнаўца з Варшаўскага ўнівэрсытэту Катажына Дрозд-Урбаньская;
  • літаратар, крытык, галоўны рэдактар сайту bellit.info Ціхан Чарнякевіч;
  • пісьменьніца, ляўрэатка прэміі Гедройця 2020 году за кнігу «Па што ідзеш, воўча?» Ева Вежнавец (Сьвятлана Курс);
  • літаратуразнаўца, крытык, драматург, прафэсар Люблінскага ўнівэрсытэту імя Марыі Кюры-Складоўскай Сяргей Кавалёў.

Прэмія Ежы Гедройця была заснаваная ў 2011 годзе амбасадай Рэспублікі Польшчы ў Беларусі, Польскім інстытутам у Менску, Беларускім ПЭН-цэнтрам і Саюзам беларускіх пісьменьнікаў. Узнагарода стала вельмі прэстыжнай — штогод на яе падаваліся па 50-60 літаратараў. Сябры журы гаварылі, што выбар заўсёды быў вельмі цяжкі.

Паўтара дзясятка аўтараў

Як расказаў сябра журы Ціхан Чарнякевіч, «было відавочна, што сёлета кніг-канкурсантаў вельмі мала. Мы трапілі ў яму, якая ўтварылася падчас зачысткі беларускага выдавецкага поля», — адзначыў ён.

У цяперашняй прэміі ўдзельнічае ўсяго паўтара дзясятка кніг. Спадар Чарнякевіч падкрэсьліў, што мінулы год быў «вельмі складаны для ўсёй літаратуры» і сьпіс канкурсантаў «адлюстраваў усё, што адбывалася зь ёю».

У поўны сьпіс прэміі дванаццатага сэзону ўвайшлі 15 прэтэндэнтаў.
У поўны сьпіс прэміі дванаццатага сэзону ўвайшлі 15 прэтэндэнтаў.

Бальшыня прэтэндэнтаў жыве не ў Беларусі

У шасьцёрку прэтэндэнтаў на XII літаратурную прэмію імя Ежы Гедройця ўвайшлі:

  • 1. Алег Дашкевіч. «З вышыні птушынага палёту (Менск, выдавец Р. Цымбераў, 2022).

Алег Дашкевіч прайшоў шлях ад трэнэра ў боксе да аўтара, чыя кніга трапіла ў сёлетні кароткі сьпіс прэміі імя Ежы Гедройця.

Апавяданьні Алега Дашкевіча друкаваліся ў розных пэрыядычных выданьнях Беларусі на працягу больш як дваццаці гадоў, але разам у кнігу сабраныя ўпершыню. Гэта своеасаблівыя замалёўкі-рэпартажы зь мінулага і цяперашняга стагодзьдзя, у якіх дакладна, сур’ёзна і з гумарам перададзены той час, падзеі і надзеі беларусаў, а праўдзівей — само нашае жыцьцё. Містыка ў іх суседнічае з рэальнасьцю, унутраныя адчуваньні — з вонкавым дзеяньнем.

  • 2. Сяргей Лескець. «Шэпт» (Менск, выдавецкая ініцыятыва «Вільма» супольна з Р. Цымберавым, 2022).

Фатограф, гісторык, этнограф Сяргей Лескець 10 гадоў таму задумаў вялікае падарожжа ў сьвет беларускай вясковай магіі, шмат вандраваў і стварыў энцыкляпэдыю беларускага знахарства. Кнігу выдалі ў Менску летась. Марай Лескеця была сэрыя партрэтаў носьбітаў самай закрытай і абароненай традыцыі лячыць словам. Ад вёскі да вёскі ў вандроўках ён шукаў чараўніц, знахарак і траўніц.

У кнізе — смак падарожжа і амаль зьніклы сьвет традыцыі. Жыцьцёвыя споведзі, лекавыя практыкі і ўсе дыялёгі перададзеныя на гаворках, якімі знахаркі карыстаюцца ў жыцьці.

Рэжысэр Раман Падаляка паставіў спэктакль"Шэпт«, у галоўных ролях — купалаўцы Сьвятлана Анікей і Аляксандар Малчанаў.

  • 3. Ганна Кандрацюк. «У прысьценку старога лесу. Гісторыі людзей зь Белавескай пушчы» (Праграмная рада тыднёвіка «Ніва», 2022).

Ганна Кандрацюк (Ганна Кандрацюк-Сьвярубская) нарадзілася ў Катлоўцы на польскім Падляшшы. З 1993 году працуе ў тыднёвіку беларусаў у Польшчы «Ніва». Яе рэпартажы і кніжкі перакладзеныя на польскую і ангельскую мовы.

Вось як ахарактарызаваў кнігу Ганны Кандрацюк Уладзімер Арлоў:

«Беларускае слова пісьменьніцы і неўтаймоўнай вандроўніцы Ганны Кандрацюк заўсёды жывое, шматфарбнае і духмянае, насычанае гукамі і водарамі дарагой ёй зямлі... Новая кніга Ганны Кандрацюк таксама зачароўвае. Яе таленавітыя старонкі падаруюць чытачу яскравы суплёт непаўторных гісторый і сустрэч з цэлай галерэяй герояў».

Кароткі сьпіс прэміі імя Гедройця 2023
Кароткі сьпіс прэміі імя Гедройця 2023
  • 4. Сьцяпан Стурэйка. «Пасажыры карабля Тэсэя» (Менск, выдавецтва «Янушкевіч», 2022).

Сьцяпан Стурэйка нарадзіўся і вырас у Горадні. Жыве ў Вільні. Выкладае ў ЭГУ. Ён гісторык і культурны антраполяг. «Пасажыры карабля Тэсэя» — першая мастацкая кніга аўтара.

Аповесьці даследчыка культурнай спадчыны Стурэйкі складаюцца з парадаксальных ідэй, чорнага гумару і цікавостак з падарожжаў. Героі заўсёды шукаюць праўду, а знаходзяць толькі сапраўдных сябе. Галоўная думка ўсіх твораў — «мы губім тое, што любім». Усё апісанае ў кнізе заснавана на рэальных гісторыях, сьцьвярджае пісьменьнік пра сваю кнігу.

  • 5. Іна Снарская. «Зачараваны скарб» (Менск, выдавец Р. Цымбераў, 2022).

Іна Снарская нарадзілася ў беларускім Полацаку, а цяпер жыве ва ўкраінскай Палтаве. У новай кнізе яна апавядае пра вёску на Полаччыне. Як кажа сама аўтарка, кожную гісторыю яна пісала сэрцам.

У кнізе Іны Снарскай яе родныя, суседзі, сябры зь вёсак яе маленства на Полаччыне расказваюць свае гісторыі. «Галоўная гераіня — маленькая дзяўчынка, якой была я сама, а цяпер, хоць і вырасла, у душы ёю застаюся. І гэтая дарослая „я“ таксама апавядае, знаходзіцца нібы за кадрам. Месца дзеі — вёскі Сястронкі, Варонічы Полацкага раёну, горад Полацак, час дашкольнага маленства», — распавядае Іна Снарская пра сваю кнігу.

Завяршае «Зачараваны скарб» аповесьць, прысьвечаная памяці маці, няпростаму лёсу і каханьню.

  • 6. Макс Шчур. «Там, дзе нас няма» (выдавецтва «Логвінаў», 2022).

Паэт, перакладчык, празаік і эсэіст Макс Шчур нарадзіўся ў Берасьці, жыве ў Празе. «Я пісаў раман пра сваю менскую маладосьць гадоў шэсьць запар у 1999–2004 гадах, ужо ў эміграцыі. Даслаў рукапіс на прэмію Юхнаўца, выйграў — пасьля чаго пра кнігу, аўтара і саму прэмію тут жа забылі. Аднак 2020 год нечакана зрабіў мой раман ізноў актуальным, а 2022 год канчаткова прымусіў мяне яго адрэдагаваць і ўрэшце, амаль праз 20 гадоў, апублікаваць».

Дзеяньне раману Макса Шчура адбываецца ў паралельным сусьвеце, які ёсьць сатырычнай, радыкальна бязглуздай вэрсіяй Беларусі дзевяностых гадоў. Твор, напісаны ў сатырычным жанры, апавядае пра жыцьцё ў краіне Інфляччыне, якой кіруе «дуумвірат» Абалдуя і Абакума Калгасенкаў.

Раман выдадзены клясычным правапісам.

Макс Шчур ужо атрымліваў прэмію імя Ежы Гедройця — у 2016 годзе за раман «Завяршыць гештальт».

Свабодаўцы і кнігі «Бібліятэкі Свабоды», адзначаныя прэміяй Ежы Гедройця

У 2017 годзе першую прэмію атрымаў журналіст Зьміцер Бартосік за кнігу «Быў у пана верабейка гаварушчы».

У 2020 годзе прэміяй Гедройця быў уганараваны журналіст Свабоды Сяргей Дубавец за кнігу «Тантамарэскі».

У 2022 годзе ляўрэатам прэміі стаў Сяргей Абламейка за «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня». Кніга першая.

Намінантамі прэміі былі таксама кнігі, выдадзеныя «Бібліятэкай Свабоды»: «Малая мэдычная энцыкляпэдыя Беларусі» і «Гамбурскі рахунак» Альгерда Бахарэвіча (2-е месца, адпаведна 2021 і 2013 гады).

У 2021 годзе Сяргей Абламейка быў уганараваны трэцяй прэміяй за кнігу «Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG