Як паведамляе Міністэрства аховы здароўя, асноўныя ўмовы выяўленьня анкапаталёгіі на раньніх стадыях — гэта анкалягічная насьцярожанасьць насельніцтва і анкалягічная граматнасьць мэдспэцыялістаў.
Паводле апытаньняў, 80% пацыентаў не былі абазнаныя наконт прыкметаў анкалягічных захворваньняў і неабходнасьці своечасова зьвяртацца да лекараў.
Таму з мэтай анкалягічнай насьцярожанасьці беларускія мэдыкі наладжваюць тлумачальную работу з насельніцтвам, гаворыцца на сайце Міністэрства аховы здароўя.
Мэтавая група — мужчыны і жанчыны пасьля 40 гадоў.
Што да анкалягічнай граматнасьці мэдычнага пэрсаналу, то паведамляецца, што ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі імя Аляксандрава на сталай аснове рыхтуюць лекараў розных спэцыяльнасьцяў непасрэдна на працоўных месцах.
Паводле спэцыялістаў, дзеля раньняга выяўленьня пухлінаў патрэбная інфармацыйная работа з насельніцтвам, насьцярожанасьць лекара-спэцыяліста: отарыналарынголяга, стаматоляга, тэрапэўта, лекара агульнай практыкі, агляды работнікаў шкодных вытворчасьцей, разьмяшчэньне нагляднай інфармацыі ў месцах чаканьня прыёму і холах мэдычных установаў.
Папярэднія вынікі праекту падвядуць праз паўгода.
- У Беларусі назіраецца пастаянны рост колькасьці зноў выяўленых выпадкаў злаякасных пухлін, асабліва галавы і шыі, паведамляў «Медицинский вестник».
- Павялічваецца, сярод іншага, колькасьць выпадкаў анкалёгіі галавы і шыі. Напрыклад, у Берасьцейскай вобласьці ў першым паўгодзьдзі ўдзельная вага такіх захворваньняў склала 4,7 працэнта ад агульнай колькасьці анкалягічных хвароб (у 2022 годзе — 4,4 працэнта). Сярод пухлін галавы і шыі 67% прыпадае на паражніну рота і глоткі. Пра гэта паведаміла загадчыца арганізацыйна-мэтадычнага аддзелу Берасьцейскага абласнога анкадыспансэра Вольга Скаромнік.
- У 2022 годзе ў Берасьцейскай вобласьці ў структуры сьмяротнасьці мужчынскага насельніцтва ад злаякасных новаўтварэньняў рак паражніны рота і глоткі заняў трэцяе месца, а сярод працаздольнага мужчынскага насельніцтва — другое.