Пераможцай прэміі імя Гедройця 2023 году стала пісьменьніца і журналістка з Падляшша Ганна Кандрацюк з кнігай «У прысьценку старога лесу. Гісторыі людзей з Белавескай пушчы»: «за добра ўдакумэнтаваны цуд».
Ганна Кандрацюк (Ганна Кандрацюк-Сьвярубская) нарадзілася ў Катлоўцы на польскім Падляшшы. З 1993 году працуе ў тыднёвіку беларусаў у Польшчы «Ніва». Яе рэпартажы і кніжкі перакладзеныя на польскую і ангельскую мовы.
Вось як ахарактарызаваў кнігу Ганны Кандрацюк Уладзімер Арлоў:
«Беларускае слова пісьменьніцы і неўтаймоўнай вандроўніцы Ганны Кандрацюк заўсёды жывое, шматфарбнае і духмянае, насычанае гукамі і водарамі дарагой ёй зямлі... Новая кніга Ганны Кандрацюк таксама зачароўвае. Яе таленавітыя старонкі падаруюць чытачу яскравы суплёт непаўторных гісторый і сустрэч з цэлай галерэяй герояў».
Другое месца ў Сьцяпана Стурэйкі з кнігай «Пасажыры карабля Тэсэя».
Сьцяпан Стурэйка нарадзіўся і вырас у Горадні. Жыве ў Вільні. Выкладае ў ЭГУ. Ён гісторык і культурны антраполяг. «Пасажыры карабля Тэсэя» — першая мастацкая кніга аўтара.
Аповесьці даследчыка культурнай спадчыны Стурэйкі складаюцца з парадаксальных ідэй, чорнага гумару і цікавостак з падарожжаў. Героі заўсёды шукаюць праўду, а знаходзяць толькі сапраўдных сябе. Галоўная думка ўсіх твораў — «мы губім тое, што любім». Усё апісанае ў кнізе заснавана на рэальных гісторыях, сьцьвярджае пісьменьнік пра сваю кнігу.
Трэцяе месца ў Сяргея Лескеця з кнігай «Шэпт»: «за адкрыцьцё магіі слова, што зьмяняе рэчаіснасьць».
Фатограф, гісторык, этнограф Сяргей Лескець 10 гадоў таму задумаў вялікае падарожжа ў сьвет беларускай вясковай магіі, шмат вандраваў і стварыў энцыкляпэдыю беларускага знахарства. Кнігу выдалі ў Менску летась. Марай Лескеця была сэрыя партрэтаў носьбітаў самай закрытай і абароненай традыцыі лячыць словам. Ад вёскі да вёскі ў вандроўках ён шукаў чараўніц, знахарак і траўніц.
У кнізе — смак падарожжа і амаль зьніклы сьвет традыцыі. Жыцьцёвыя споведзі, лекавыя практыкі і ўсе дыялёгі перададзеныя на гаворках, якімі знахаркі карыстаюцца ў жыцьці.
Рэжысэр Раман Падаляка паставіў спэктакль"Шэпт«, у галоўных ролях — купалаўцы Сьвятлана Анікей і Аляксандар Малчанаў.
У кароткім сьпісе прэміі былі:
- Алег Дашкевіч з кнігай «З вышыні птушынага палёту» (Мінск: Р. Цымбераў, 2022)
- Сяргей Лескець з кнігай «Шэпт» (Мінск: выдавецкая ініцыятыва «Вільма» супольна з Р. Цымбераў, 2022)
- Ганна Кандрацюк з кнігай «У прысценку старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы» (Праграмная рада тыднёвіка «Ніва», 2022)
- Сьцяпан Стурэйка з кнігай «Пасажыры карабля Тэсэя» (Мінск: Янушкевіч, 2022)
- Іна Снарская з кнігай «Зачараваны скарб» (Мінск: Р. Цымбераў, 2022)
- Макс Шчур з кнігай «Там, дзе нас няма» (Логвінаў, 2022).
Сёлета творы ўдзельнікаў ацэньвалі шасьцёра літаратурных экспэртаў:
Андрэй Хадановіч — паэт, перакладчык, эсэіст і выкладчык літаратуры, аўтар дзесяці кніг паэзіі і аднаго зборніка вершаў для дзяцей.
Катажына Дрозд-Урбаньска — кандыдат філялягічных навук, літаратуразнаўца, ад’юнкт катэдры беларусістыкі факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэта. Дасьледуе гісторыю беларускай літаратуры, сучасную беларускую літаратуру, культуразнаўства.
Ціхан Чарнякевіч — літаратар, крытык, галоўны рэдактар сайта bellit.info.
Ева Вежнавец (Сьвятлана Курс) — пісьменьніца, ляўрэатка прэміі імя Ежы Гедройця 2020 года за кнігу «Па што ідзеш, воўча?».
Сяргей Кавалёў — літаратуразнаўца, крытык, драматург. Прафэсар, загадчык катэдры славянскага літаратуразнаўства Ўнівэрсытэта імя Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне.
- Прэмія імя Ежы Гедройця — найбуйнейшая незалежная літаратурная прэмія Беларусі, якая ўручаецца з 2012 году. Яе ляўрэатамі ў розныя сэзоны станавіліся Ўладзімер Някляеў, Віктар Казько, Ігар Бабкоў, Ева Вежнавец. Летась у конкурсе перамог журналіст Свабоды Сяргей Абламейка з кнігай «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня. Кніга першая».