Цела Лявона Карася знайшлі ў рацэ Ізар. Паводле адной з вэрсіяў, да забойства мела дачыненьне савецкая выведка. Але даказаць гэтага паліцыя ня здолела.
Лявон Карась быў пахаваны ў Мюнхэне на могілках Perlacher Forst. Помнік паставілі сябры й калегі, але да нашага часу ён не захаваўся.
У лістападзе 2021 году будынку Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа ў Празе быў адкрыты мэмарыял, прысьвечаны памяці журналістаў нашага радыё, якія былі забітыя або загінулі пры выкананьні сваіх прафэсійных абавязкаў. На той момант іх было 15.
Першым журналістам Радыё Свабода, які памёр не сваёй сьмерцю, і стаў супрацоўнік беларускай рэдакцыі Лявон Карась.
Пра абставіны трагічнага здарэньня расказала ў сваёй кнізе «Птушкі пералётныя» калега Карася, вэтэранка Радыё Свабода Галіна Руднік:
«Першага верасьня 1954 году не зьявіўся на працу наш Лявон Карась. Гэта быў вельмі акуратны, пунктуальны супрацоўнік. Тэлефона у яго не было. Вечарам таго ж дня калегі пайшлі да гаспадыні, дзе Лявон здымаў мэбляваны пакой. Гаспадыня сказала, што яна яго ужо некалькі дзён ня бачыла. Не прыйшоў ён і на наступны дзень. На трэці дзень наш шэф папрасіў мяне патэлефанаваць у нямецкую паліцыю. У мяне было ўражаньне, што чыноўнік нават не запісаў тое, што мы яму казалі. Ён толькі спытаўся, колькі гадоў нашаму супрацоўніку. Карасю тады было 30. Чыноўнік засьмяяўся й сказаў, што ён, напэўна, загуляў у якой-небудзь дзяўчыны. Але калі ён адчуў, што нам не да жартаў, то папрасіў патэлефанаваць ізноў на пачатку наступнага тыдня, калі Карась да гэтага часу ня зьявіцца.
А 7-га верасьня з паліцыі пазванілі нам. Сказалі, што ў рэчцы Ізар знайшлі труп, і папрасілі зараз жа прыехаць і паглядзець, ці гэта часам ня наш супрацоўнік. Гэта быў наш Лявон Карась. Сьлядоў гвалту відаць не было. Мне паказалі пусты кашалёк, у якім быў толькі маленькі здымак Зоры Савёнак (пазьней Зоры Кіпель) — ягонага вялікага каханьня яшчэ з часоў гімназіі.
Наколькі нам было вядома, ніякай экспэртызы не рабілі. Таму што у Лявона не было сваякоў, ніякіх падрабязнасьцяў нам не паведамілі. Дзіўна было й тое, што папрасілі ягоных сяброў і калегаў Марговіча й Сыча пахадзіць з фатаграфіяй Карася па тых рэстаранах, дзе яны бывалі разам, і апытаць афіцыянтак і гасьцей, што ім ведама пра гэтую асобу.
Пахавалі мы Лявона 14 верасьня 1954 году. Было шмат людзей, 16 вялікіх вянкоў. Чалавек ён быў прыемны, сьціплы й сумленны працаўнік.
Праз тры месяцы у мюнхэнскай газэце „Зюддойчэ цайтунг“ зьявілася маленькая зацемка такога зьместу: „У той час уважалася, што Карась стаўся ахвярай нейкага нешчасьлівага выпадку. Аднак новыя дадзеныя дазваляюць дапускаць, што Карась загінуў у выніку злачынства“».
- Лявон Карась нарадзіўся 20 лістапада 1923 году ў вёсцы Дземідзенкі (знаходзілася ў Докшыцкім раёне Віцебскай вобласьці, цяпер не існуе). Працаваў настаўнікам. Ад лета 1944 году апынуўся ў Нямеччыне. У беларускім лягеры ў Міхэльсдорфе працаваў у лягернай ахове і вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы. Разам з іншымі сябрамі «Дванаццаткі» ў 1948 годзе як перамешчаная асоба прыбыў у Вялікую Брытанію. Працаваў у вугальных капальнях. Ад 1948 году быў сябрам Згуртаваньня Беларусаў у Вялікай Брытаніі і Беларускага Хрысьціянскага Акадэмічнага Аб’яднаньня «Жыцьцё», ад 1949 году — сябрам Згуртаваньня Беларускіх Камбатантаў. У 1950 годзе выехаў на навучаньне ў Бэльгію. Вучыўся на агранамічным факультэце Лёвэнскага ўнівэрсытэту. У пачатку 1954 году пераехаў у Мюнхэн для працы ў беларускай рэдакцыі радыё «Вызваленьне».