Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома пра ператрус у рэдакцыі тэлеканалу «Белсат» у Варшаве


 Лога «Белсату»
Лога «Белсату»

Супрацоўнікі Цэнтральнага антыкарупцыйнага бюро Польшчы прыйшлі 20 лістапада ў рэдакцыю тэлеканалу «Белсат».

Пра ператрус у рэдакцыі «Белсату» паведаміла Gazeta Wyborcza.

Супрацоўнікі Цэнтральнага антыкарупцыйнага бюро прыйшлі раніцай 20 лістапада ў будынак TVP на плошчы Паўстанцаў у Варшаве ў рамках расьсьледаваньня справы аб злоўжываньнях на тэлеканале «Белсат», піша выданьне. Свабодзе ўдалося пацьвердзіць інфарамцыю аб ператрусе ў рэдакцыі «Белсату».

Ператрус у рэдакцыі тэлеканалу «Белсат», пэўна, зьвязаны з заявай аб злачынстве, якую падало цяперашняе кіраўніцтва TVP.

Гаворка пра заяву аб злоўжываньнях на вялікія сумы, зьвязаныя з аплатай ІТ-паслуг для тэлеканалу, піша Gazeta Wyborcza.

Як стала вядома «Wyborczej», супрацоўнікі Цэнтральнага антыкарупцыйнага бюро прыйшлі таксама ў кватэру былой кіраўніцы «Белсату» Агнешкі Рамашэўскай. Але сама яна гэта зьняпраўдзіла ў сацсетках.

Цяперашняе кіраўніцтва TVP абвінавачвае Рымашэўскую ў тым, што тая не рэагавала на сыгналы аб злоўжываньнях і забрала з рэдакцыі дыскі з матэрыяламі, якія належаць тэлевізіі.

Пацьверджаньня інфармацыі пра ператрус у Рамашэўскай газэта ня мае. Сама яна і яе былы намесьнік Аляксей Дзікавіцкі рашуча адмаўлялі ўсе абвінавачваньні.

На сваім профілі ў сетцы Х Рымашэўская напісала пра «сыстэматычнае нішчэньне „Белсату“».

Выканаўца абавязкаў дырэктара тэлеканалу «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі меўся заставацца на пасадзе да 3 сьнежня, але падаў заяву аб звальненьні ўжо ад 22 лістапада. Дзікавіцкі растлумачыў, што яму загадалі зьліквідаваць структурную адзінку «Белсат TV», а ён ня хоча гэтага рабіць нават фармальна.

15 лістапада рэдакцыя «Белсату» разам з выканаўцам абавязкаў дырэктара даведалася аб прызначэньні новай кіраўніцы — Аліны Коўшык.

Журналістам таксама абвясьцілі, што «Белсат» перастане быць самастойнай адзінкай, а стане часткай новага цэнтру замежнага вяшчаньня TVP, куды таксама залучаць ангельскамоўны канал TVP World.

У чым вінавацяць кіраўніцтва «Белсату»

Паводле ліквідатара TVP Даніэля Горгаша, кантракты, заключаныя з вонкавай кампаніяй, якая кіруе сэрвэрамі, былі нявыгаднымі для грамадзкага вяшчальніка і прывялі да вялікіх стратаў. Разгляд азначае, што пракуратура прыняла заяву і распачала праверку.

«Паводле ліквідатара TVP Даніэля Горгоша, кантракты, падпісаныя са зьнешняй кампаніяй, якая кіруе сэрвэрамі, былі надзвычай нявыгаднымі для грамадзкага вяшчальніка і прывялі да велізарных стратаў», — пісала раней выданьне wPolityce.pl.

  • Тэлеканал «Белсат» зазнаў глябальныя зьмены пасьля парлямэнцкіх выбараў у Польшчы. У сакавіку 2024 году з пасады дырэктаркі звольнілі стваральніцу каналу Агнешку Рамашэўскую-Гузы, якая ўзначальвала канал ад моманту стварэньня да сакавіка 2024 году, агулам больш за 18 гадоў. З таго часу абавязкі дырэктара «Белсату» выконваў Аляксей Дзікавіцкі.
  • Паводле польскага журналіста-расьсьледніка Яцэка Харлуковіча на партале Onet, кіраўніцтва каналу падазраюць у заключэньні бяз тэндэру 248 кантрактаў. Як сьцьвярджаў партал, многія з гэтых кантрактаў не былі выкананыя.
  • У датычнасьці да фінансавых парушэньняў на тэлеканале «Белсат» падазраюцца 10 мэнэджараў мэдыя, у тым ліку былая дырэктарка Агнешка Рамашэўска-Гузы і яе экс-намесьнік, цяперашні кіраўнік тэлеканалу Аляксей Дзікавіцкі.
  • Агнешка Рамашэўска-Гузы, Вальдэмар Даманьскі, Вольга Швед, Аляксей Дзікавіцкі і Міраслаў Цівуновіч паставілі свае подпісы пад зваротам наконт сытуацыі з абвінавачаньнямі ў бок каналу «Белсат».
  • «Рашуча адкідаем абвінавачаньні ў наш адрас з боку тэлевізійнай групы TVP. Пратэстуем супраць зьнеслаўленьня як нас, так і „Белсату“ — незвычайна важнай як для беларусаў, так і для польскага грамадзтва інстытуцыі, будаваньню якой мы прысьвяцілі шмат гадоў жыцьця».

У звароце аўтары апісалі этапы разбудовы «Белсату» ня толькі як «традыцыйнай» тэлевізіі, але як мультымэдыйнай плятформы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG