«Архітэктурная форма ўвасабляе галоўную гародніну на стале кожнага беларуса — бульбу. А паколькі „Гігант“ (гаспадарка) славіцца вырошчваньнем гэтага стратэгічнага прадукту, то і было прынятае рашэньне захаваць яго ў бронзе». — піша мясцовая раёнка.
Тым часам, у 1994 годзе, калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, у Беларусі сабралі 8,2 мільёна тонаў бульбы. Паводле статыстыкі 2022-га — толькі 3,8 мільёна тонаў. Гэта больш чым удвая менш. У калгасах, то бок фактычна дзяржаўных сельгасарганізацыях, сабралі толькі паўмільёна тонаў.
У 1994 годзе бульбу ў Беларусі зьбіралі на плошчах у 697 тысяч гектараў (гаспадаркі ўсіх катэгорый з улікам хатніх). У мінулым годзе — толькі на 173 тысячах га. То бок пасяўныя плошчы зьменшыліся ў 4 разы.
Спажываньне бульбы за часы кіраваньня Лукашэнкі таксама зьменшылася, хоць і ня так моцна. У 1994 годзе беларусы спажывалі 178 кіляграмаў бульбы на чалавека за год. А ў 2022-м — 160 кг. Розьніца 10%.