Ізраіль, Злучаныя Штаты і ХАМАС дасягнулі папярэдняй дамоўленасьці аб вызваленьні дзясяткаў жанчын і дзяцей, узятых у закладнікі ў Газе ў абмен на пяцідзённы перапынак у баях, паведамляе газэта Washington Post са спасылкай на крыніцы, блізкія да перамоваў.
Аднак прэм’ер-міністар Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу і афіцыйныя асобы ЗША сьцьвярджаюць, што пагадненьне пакуль не дасягнута.
Пагадненьне на шасьці старонках зьявілася ў той момант, калі Ізраіль, падобна, рыхтуецца пашырыць свой наступ супраць баевікоў ХАМАС на поўдзень Газы пасьля таго, як у выніку авіяўдараў загінулі дзясяткі палестынцаў, у тым ліку мірных жыхароў, якія, як паведамляецца, хаваліся ў дзьвюх школах.
Згодна з пагадненьнем, бакі замарозяць баявыя дзеяньні як мінімум на пяць дзён, у той час як 50 ці больш закладнікаў будуць вызваляцца групамі кожныя 24 гадзіны, паведамляе выданьне. ХАМАС захапіў каля 240 закладнікаў падчас масавых нападаў у Ізраілі 7 кастрычніка, у выніку якіх загінулі 1200 чалавек.
Паўза таксама прызначана для таго, каб даць Газе значную колькасьць гуманітарнай дапамогі. Схему зьдзелкі склалі падчас некалькіх тыдняў перамоваў у Катары.
Нэтаньягу, настойваючы на тым, што дамову яшчэ не падпісалі, паабяцаў паведаміць пра дасягненьне кампрамісу, як толькі ён сапраўды адбудзецца.
Прадстаўнік Белага дому таксама заявіў, што Ізраіль і ХАМАС яшчэ не дасягнулі пагадненьня аб часовым спыненьні агню, дадаўшы, што ЗША працягваюць працаваць над яго дасягненьнем.
Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае
- 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
- Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
- Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
- ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
- Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
- Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
- 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
- Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
- Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
- Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
- Ізраіль у лістападзе пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
- 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
- За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
- 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
- Ахвяры: па стане на 19 лютага 2024 году каля 1160 чалавек у Ізраілі, у асноўным мірных жыхароў, паводле зьвестак AFP на падставе ізраільскіх лічбаў. Баевікі ў першы дзень вайны захапілі каля 250 закладнікаў, 130 зь якіх застаюцца ў Газе, у тым ліку 30 меркавана загінуўшых, паводле зьвестак Ізраіля.
Міністэрства аховы здароўя Газы паведамляе, што ў выніку ізраільскай ваеннай кампаніі загінулі як мінімум 28 985 чалавек, пераважна жанчыны і дзеці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.