Падрабязнасьці высьвятляюцца, паведамляюць праваабаронцы. Свабода таксама спрабуе атрымаць інфармацыю.
Зьміцер Колас ад канца 1980-х займаецца выдавецкай справай — у гэтым бізнэсе ён амаль 35 гадоў. Першы досьвед атрымаў у структуры Беларускага гуманітарнага адукацыйна-культурнага цэнтру, калі не існавала абавязковага ліцэнзаваньня, а было дастаткова пісьмовага дазволу міністра культуры і друку. На пачатку 2000-х зарэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік і стаў незалежным выдаўцом. У 2014-м яшчэ раз памяняў статус, калі Міністэрства інфармацыі замяніла ліцэнзаваньне на дзяржаўную рэгістрацыю з выдачай адпаведнага пасьведчаньня.
Прыватнае выдавецтва Зьмітра Коласа вядомае кнігамі сусьветнай паэзіі, прозы, драматургіі, дзіцячай літаратуры ў найлепшых беларускіх перакладах. Прызнаньне чытацкай аўдыторыі атрымала тэматычная сэрыя «Паэты плянэты» — 28 лютага 2023 году ў Менскай абласной бібліятэцы імя Пушкіна адбылася імпрэза з нагоды 100-га яе выпуску. Сёлета ў траўні суд у Менску зьліквідаваў выдавецтва Зьмітра Коласа.
Зьмітра Коласа затрымлівалі супрацоўнікі КДБ 4 сакавіка — ён выйшаў на волю пасьля 10 сутак арышту ў «амэрыканцы».
Лявон Баршчэўскі — грамадзкі і палітычны дзяяч, філёляг, перакладнік, дэпутат Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце XII скліканьня. Былы кіраўнік Партыі БНФ.
Баршчэўскі — аўтар кніг папулярных нарысаў «Літаратура ад старажытнасьці да пачатку эпохі рамантызму» (2003) і «Беларуская літаратура і сьвет» (2006; разам зь П. Васючэнкам і М. Тычынам). Аўтар больш за 30 артыкулаў і навуковы кансультант 18-томнай «Беларускай энцыкляпэдыі» (1996–2004), а таксама шматлікіх артыкулаў па мэтодыцы выкладаньня літаратуры ў сярэдняй школе і ва ўстановах новага тыпу.
Лявон Баршчэўскі працаваў намесьнікам дырэктара Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа, які быў афіцыйна зачынены ўладамі ў 2003 годзе. Уганараваны Дыплёмам Таварыства беларускай школы «Беларускі настаўнік 2009 году» і мэдалём да 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Ляўрэат прэміі імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-Цэнтру (1997).