Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У АБСЭ заклікалі да вызваленьня палітвязьняў і свабодных выбараў у Беларусі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Шэраг краін 16 лістапада выступіў з заявай у адрас Пастаяннай рады АБСЭ аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Яны заклікалі да свабодных выбараў і неадкладнага вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных.

Заява тычыцца няспынных рэпрэсій, уціску мэдыя, росту колькасьці палітвязьняў і кепскага абыходжаньня зь імі ў месцах пазбаўленьня волі, ліквідацыі грамадзкіх арганізацый.

Заяву прымеркавалі да Міжнароднага дня салідарнасьці зь Беларусьсю, які адзначаўся 12 лістапада. Яе зачытала ад імя ўсіх падпісантаў пасол Канады ў Вялікай Брытаніі Джосьлін Кінэр. Яна выступіла ад імя Канады, а таксама Вялікай Брытаніі, Ісьляндыі, Ліхтэнштайну, Нарвэгіі і Швайцарыі.

«З 2020 году пачалося збліжэньне Беларусі і Расеі, якое завяршылася тым, што ў лютым 2022 году Расея выкарыстала тэрыторыю Беларусі ў якасьці пляцдарму для поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну. Саўдзел Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны працягваецца і суправаджаецца рэпрэсіямі ў дачыненьні тых, хто выказвае сваю нязгоду з вайной ці падтрымку ўкраінскаму народу. Ніводнае з гэтых палітычных рашэньняў ня ўлічвае пажаданьняў і інтарэсаў народу Беларусі. Народ Беларусі заслугоўвае ўласнай незалежнай, дэмакратычнай дзяржавы, свабоднай ад умяшаньня і падпарадкаваньня Расеі», — напісана ў заяве.

Парлямэнцкія выбары ў Беларусі адбудуцца 25 лютага 2024 году, а прэзыдэнцкія — ў 2025 годзе.

«Мы заклікаем да правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі без умяшаньня, запалохваньня і страху перасьледу, у поўнай адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі. Свабода слова і аб’яднаньняў павінна існаваць, у тым ліку для незалежных СМІ і палітычных партый. Усе патэнцыйныя кандыдаты павінны мець магчымасьць вылучаць свае кандыдатуры, не баючыся арышту ці рэпрэсій. Павінны быць запрошаны міжнародныя наглядальнікі. Грамадзянскай супольнасьці павінна быць дадзена магчымасьць гуляць сваю ролю ў прыцягненьні да адказнасьці ўраду і палітычных дзеячаў».

Аўтары заклікалі да неадкладнага вызваленьня палітвязьняў, спыненьня парушэньняў правоў чалавека і дыялёгу, які «паважае волю і правы чалавека».

Нягледзячы на шматлікія заявы міжнароднай супольнасьці за апошнія гады, улады Беларусі ніяк на іх не рэагуюць, а толькі ўзмацняюць ціск на незалежных журналістаў, грамадзкіх дзеячаў, працягваюць перасьлед пратэстоўцаў за падзеі 2020 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG