Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторык: Помнік Неўскаму давядзецца прыбраць, бо гістарычна ім пазначалі межы «русского мира»


Помнік Аляксандру Неўскаму ў Менску, гісторык Аляксей Ластоўскі, каляж
Помнік Аляксандру Неўскаму ў Менску, гісторык Аляксей Ластоўскі, каляж

Помнік Аляксандру Неўскаму, які паставілі днямі ў Менску, зьяўляецца ня толькі манумэнтальнай прапагандай «русского мира», але і мастацкай халтурай, якая псуе культурны ляндшафт у Менску, лічыць гісторык і сацыёляг Аляксей Ластоўскі. Ён упэўнены, што ў будучыні гэты помнік давядзецца прыбраць.

Ініцыятарам помніку выступіла Расея. І ўсталявалі 11-мэтровую конную кампазыцыю побач з пасольствам Расеі. Аляксандар Неўскі (1220–1263) быў князем наўгародзкім, цьвярскім, вялікім князем кіеўскім, уладзімірскім. Залічаны Расейскай праваслаўнай царквой да сьвятых. Якое тады дачыненьне ён мае да Беларусі?

«Аляксандар Неўскі — гэта, безумоўна, герой велікарускай гістарычнай традыцыі. Уся ягоная роля, значэньне і міталёгія вырасьлі спачатку з традыцыі Маскоўскага царства, затым Расейскай імпэрыі. Адмысловае значэньне ён набыў ужо ў савецкі час. Калі мы паглядзім, як зьмяняўся ягоны культ, то на першае месца ў расейскім пантэоне ён выйшаў толькі ў апошнія дзесяцігодзьдзі. Быў такі конкурс „Имя России“, у якім яго выбралі як галоўную гістарычную асобу, зьвязаную з Расеяй», — гаворыць гісторык.

Паводле Ластоўскага, самы значны эпізод, які зьвязвае Аляксандра Неўскага зь беларускай гісторыяй, гэта тое, што ён быў жанаты з дачкой полацкага князя Брачыслава.

«Мы, на жаль, ня можам сказаць, якімі матывамі быў абумоўлены гэты крок. У тыя часы дынастычныя шлюбы мелі значэньне палітычных альянсаў. Але застаецца пытаньне, супраць каго ён быў накіраваны. Можна трактаваць гэта як хаўрус супраць Лівонскага ордэну, які вёў тады моцны наступ у балтыйскіх землях. Гэтыя землі былі сфэрай уплыву Наўгародзкага і Полацкага княстваў. З другога боку, у той час ужо вырастае вайсковая моц і пачынаецца дзяржава, якая пазьней атрымае назву Вялікае Княства Літоўскае. Князь Міндоўг пачынае весьці экспансію на так званыя рускія землі. Таму магчыма, што гэты альянс быў абумоўлены тым, што Брачыслаў прасіў падтрымкі ў Наўгародзкага княства, каб стрымаць ціск Літвы», — кажа Ластоўскі.

Але зрабіць гэтага Неўскаму не ўдалося. Пасьля сутычак ён быў вымушаны адступіць, а Полацак далучылі да Літоўскай дзяржавы. Вядома, што, адступаючы з сучасных беларускіх земляў, Аляксандар Неўскі прыяжджаў у Віцебск, каб забраць адтуль свайго сына. І вось гэта стала мадэльлю для помніка, які быў узьведзены ў 2016 годзе ў Віцебску, нагадвае гісторык.

«Там паставілі першы помнік Аляксандру Неўскаму ў Беларусі. Але той ініцыявалі мясцовыя ўлады. І гэты эпізод мае хоць нейкае дачыненьне да гораду, хаця нельга сказаць, што важнае. У гістарычным сэнсе Неўскі спрабаваў стрымаць ціск Літвы, але прайграў. Літва заняла гэтыя землі».

Пазьней, у савецкі час, у пэрыяд Вялікай Айчыннай вайны, быў сфармаваны новы культ Аляксандра Неўскага як вялікага палкаводца, які супрацьстаяў нямецкай агрэсіі на ўсход. Тады Неўскі стаў сымбалем барацьбы супраць нямецкай агрэсіі. Быў уведзены ордэн Аляксандра Неўскага, якім былі ўзнагароджаныя дзясяткі тысяч людзей.

Аляксей Ластоўскі зьвяртае ўвагу на розьніцу ў асьвятленьні адкрыцьця помніка ў Беларусі і ў Расеі. У беларускіх навінах, па яго назіраньнях, цытаваліся пераважна прамовы беларускіх выступоўцаў: прадстаўнікоў улады, мітрапаліта Веньяміна.

«Калі ж мы гаворым пра расейскі бок, то я паглядзеў сайт Расейскага вайскова-гістарычнага таварыства, старшыня якога Мядзінскі, былы міністар культуры Расеі, выступаў на адкрыцьці гэтага помніка. І ён выкарыстоўваў цікавую формулу пра тое, што постаць Аляксандра Неўскага адсылае нас да „адзінага рускага народу“. І што ёсьць дзьве галіны: велікарусы і беларусы. Гэта ўжо адраджэньне рыторыкі часоў Расейскай імпэрыі. Тады гаварылася пра „адзін рускі народ“. У СССР былі іншыя фразы, пра старэйшых братоў і малодшых. А тут мы бачым памкненьне замацаваць уяўленьне пра тое, што ёсьць „адзіны рускі народ“. Гэтае таварыства, якое ўзначальвае Мядзінскі, выконвае заказы Крамля на стварэньне гістарычнай прапаганды», — гаворыць Аляксей Ластоўскі.

Менавіта гэтая арганізацыя каардынуе стварэньне розных помнікаў, якія масава адкрываюцца ў Расеі і павінны замацоўваць вобраз расейскай дзяржавы, якая стагодзьдзямі набірала, іх адстойвала і стварала велічную імпэрыю, дадае гісторык.

«У канцы XIX стагодзьдзя Расейская імпэрыя ставіла храмы ў гонар Аляксандра Неўскага на заходніх ускраінах імпэрыі. Адзін з самых папулярных быў у Варшаве, які палякі падарвалі ў 1920-я гады. Таксама іх будавалі ў Хэльсынкі, Таліне, у тым ліку і ў Менску. Чаму гэтыя важныя храмы былі прысьвечаныя менавіта Неўскаму? Бо ён змагаўся з каталіцызмам. Адпаведна, гэта быў сымбаль кантролю над землямі, схільнымі да каталіцызму».

Таму цяпер гэта ў іншай вэрсіі рэанімацыя позьняй імпэрскай палітыкі, перакананы Аляксей Ластоўскі. Ён нагадвае, што нядаўна быў адкрыты помнік Неўскаму ў Алматы. Там гэта таксама выклікала скандал. Але паколькі яго паставілі каля праваслаўнага храма, то казаскія ўлады ня вельмі маглі паўплываць на яго адкрыцьцё.

«Ідзе пазначэньне межаў „русского мира“. Помнікі Аляксандру Неўскаму пазначаюць культурную дамінацыю Расеі, таго, што тут — Русь. Таму і ідзе ажыўленая дыскусія. Такой дыскусіі не было, калі ставілі помнік у Віцебску, бо гэта была мясцовая ініцыятыва, а ён прывязваўся да лякальнай гісторыі. А цяпер гэта ініцыятыва Расеі, падтрыманая Беларускай праваслаўнай царквой, якая ў часы Веньяміна арыентаваная на ідэю „сьвятой Русі“, што Беларусь складовая частка расейскай праваслаўнай культуры», — лічыць Ластоўскі.

Гісторык тлумачыць, што, як і ў XIX стагодзьдзі, помнікі працягваюць зьяўляюцца эфэктыўным інструмэнтам для манумэнтальнай прапаганды. Іх звычайна ставяць у бачных месцах, яны маштабныя, прыцягваюць вока, у адрозьненьне ад мэмарыяльных шыльдаў, якіх практычна ніхто не заўважае.

«Сацыёлягі кажуць, што помнікі жывыя, калі яны ўключаныя ў нейкія рытуалы. Бо калі помнік проста будзе стаяць і побач зь ім будуць хадзіць людзі, то самі яны ня будуць цікавіцца, каму пастаўлены гэты помнік. Калі ён мэмарыяльна не выкарыстоўваецца, калі там няма цырымоній, кветак, мітынгаў, тады помнікі жывуць сваім ідэалягічным жыцьцём. Таму, калі гэты помнік будзе стаяць каля расейскай амбасады і раз на год да яго будуць прыходзіць людзі, то ўплыў помніка на сьвядомасьць людзей будзе вельмі абмежаваны», — перакананы гісторык.

Ён дапускае, што нейкія мерапрыемствы там будуць праводзіць расейскія дыпляматы і БПЦ. А што рабіць з гэтым помнікам у будучыні, калі ў Беларусі адновіцца прававая дзяржава і будзе выбраны дэмакратычны ўрад? Гісторык перакананы, што помнік давядзецца прыбіраць.

«Культурна гэта халтура. У яго нізкая эстэтычная вартасьць. Яго аўтар Аркадзь Філіповіч у свой час праславіўся тым, што зрабіў трэшавы помнік сэрбскім прадпрымальнікам у Менску, братам Карычам. Гэты чалавек, які выконвае жудасныя халтуры. Толькі дзеля таго, каб захаваць цывілізаваны культурны ляндшафт Менску, трэба прыбраць гэты помнік. Я прыхільнік таго, каб не зьнішчаць помнікі, але стварыць зь іх музэі на адкрытым паветры, каб прасачыць, як разьвівалася манумэнтальная прапаганда, як сьведчаньне гісторыі, палітычных падзеяў. Гэта павінна захоўвацца, але мець тлумачальную рамку, каб людзі разумелі, чаму гэты помнік быў створаны і якое меў значэньне. Такія паркі ёсьць у Будапэшце, Літве. Гэта прывабная мадэль, якую мы маглі б выкарыстаць і ў Беларусі», — зазначае Аляксей Ластоўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG