Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілы пухнацік ці страшны зьвер? Паляўнічы і эколяг — пра ідэю Шуневіча забіваць мядзьведзяў


Асыстэнт дрэсіроўшчыка цырку-шапіто «Сырыюс» Віктар Малееў гуляе зь медзведзянём. Жодзіна, 2020. Фота: Натальля Федасенка/ТАСС.
Асыстэнт дрэсіроўшчыка цырку-шапіто «Сырыюс» Віктар Малееў гуляе зь медзведзянём. Жодзіна, 2020. Фота: Натальля Федасенка/ТАСС.

Былы міністар унутраных справаў, а сёньня кіраўнік Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Ігар Шуневіч 13 лістапада меў сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам. Сярод іншага на спатканьні падымалася тэма мядзьведзяў.

Шуневіч прапанаваў Лукашэнку пачаць адстрэльваць лішніх жывёлаў, бо колькасьць мядзьведзяў у Беларусі імкліва расьце. Маўляў, яшчэ дваццаць гадоў таму іх было каля 250 асобінаў, то цяпер ужо 700.

Асабіста Лукашэнку Шуневіч не прапаноўваў выкрасьліць мядзьведзя з Чырвонай кнігі, але такія думкі ён выказваў у іншых інтэрвію.

Свабода спытала паляўнічага і эколяга, што яны думаюць пра магчымае адкрыцьцё паляваньня на мядзьведзя.

«Мядзьведзь становіцца праблемнай жывёлай»

Суразмоўца Свабоды кажа, што ён ня проста паляўнічы з 35-гадовым стажам, але і чалавек, блізкі да паляўнічага чынавенства. Ён знаходзіцца ў Беларусі, таму папрасіў застацца ананімным.

«Мядзьведзь становіцца ў нас праблемнай жывёлай. У нас з аднаго боку стаіць грамадзкасьць, атручаная „зоашызой“ і дзіцячымі казкамі пра Віні-Пуха і мядзьведзікаў Гамі. Людзі ставяцца да мядзьведзя як да такога пухнаціка, слаўнага хлопца. З другога боку знаходзяцца паляўнічыя і часткова навукоўцы, хаця паміж сабой яны таксама спрачаюцца. І ў цэнтры ўсяго гэтага — мядзьведзь», — кажа паляўнічы.

На ягоную думку, мядзьведзяў у Беларусі, як і ў многіх іншых краінах Эўропы, асабліва поўдня, стала занадта шмат.

«Самая галоўная праблема ў тым, што мядзьведзь — гэта страшна. Гэта рэальна небясьпечны зьвер. Пакуль ён у нас не пасьпеў нарабіць шмат бяды, як у Румыніі ці Гішпаніі, дзе былі ўжо выпадкі сьмерці людзей. Я лічу, што нельга даць яму гэта зрабіць», — працягвае паляўнічы.

Суразмоўца лічыць, што назваць рэальную лічбу мядзьведзяў у Беларусі немагчыма, а колькасьць у 700 асобінаў, хутчэй за ўсё, гучыць «з галавы».

«Навукоўцы ня могуць гэтага зрабіць з прычыны адсутнасьці сродкаў. Магчыма, адсутнасьці жаданьня і фізычных магчымасьцяў. Гадоў дваццаць таму казалі: „Ну ў нас прыкладна 70 мядзьведзяў“. Цяпер аднекуль зьявілася лічба 700. Лічыць зьвяроў могуць толькі супрацоўнікі паляўнічых гаспадарак, але Беларусь не пакрытая ўся паляўнічымі гаспадаркамі. Колькі мядзьведзяў ходзіць між гэтымі гаспадаркамі, колькі палічылі двойчы, колькі не палічылі ніводнага разу, сказаць цяжка».

Мядзьведзіца зь мядзьведзянятамі ў Бярэзінскім біясфэрным запаведніку, недалёка ад вёскі Крайцы, на паўночны ўсход ад Менску, 2015 REUTERS/Васіль Фядосенка
Мядзьведзіца зь мядзьведзянятамі ў Бярэзінскім біясфэрным запаведніку, недалёка ад вёскі Крайцы, на паўночны ўсход ад Менску, 2015 REUTERS/Васіль Фядосенка

«Мядзьведзі павінны быць у лесе»

Паляўнічы пры гэтым прызнае, што колькасьць мядзьведзяў у Беларусі павялічылася мінімум у дзесяць разоў.

«Ці мэтазгоднае паляваньне на яго? Так. Як на любога зьвера, які водзіцца ў лесе і якога стала вельмі шмат. Гэтак сама, як палююць на яго ў Расеі, у Румыніі. Я помню нейкую канфэрэнцыю ў Эстоніі, калі іх галоўны паляўнічы, закусваючы каву булачкамі сказаў: «Пад Талінам мядзьведзі становяцца праблемай, але нам дадуць умяшацца толькі тады, калі будзе трагедыя. Мы сядзім і чакаем трагедыю».

На сёньняшні дзень паляваньне на мядзьведзя ў Эстоніі дазволілі, хаця супраць гэтага выступала частка грамадзкасьці, падавалі нават пазоў у суд, але ён быў адхілены.

«Мядзьведзі павінны быць у лесе, ваўкі павінны быць, шакалы павінны (у Беларусі нядаўна зьявіліся шакалы), але ў такой колькасьці, каб яны не заміналі ні людзям, ні іншым жывёлам. У гэты момант у Беларусі перабор з капытнымі. Я нядаўна езьдзіў на паляваньне на зайца, дык зайцаў у лесе няма. Затое я сустрэў тры чарады казуляў агульнай колькасьцю асобінаў у 20. Мы бачым, колькі ДТЗ стала з удзелам капытных».

На думку паляўнічага, «Чырвоная кніга» — «гэта не Талмуд, які не паддаецца карэктаваньню».

Пяць тысяч за трафэй

«Яшчэ праблема, што чыноўнікі маюць, як і грамадзтва, «хваробу Віні-Пуха». Гэта калі яны кажуць: «Ну як можна забіваць мішку?». Я памятаю, калі гадоў 15 таму вырашалася пытаньне аб паляваньні на паўночных курапатак, то ўстаў адзін чыноўнік і сказаў: «Ну як? Нас людзі не зразумеюць», — кажа паляўнічы.

Пры гэтым ён падкрэсьлівае, што дазвол на паляваньне на мядзьведзя не прывядзе да таго, што жывёла трапіць пад пагрозу зьнікненьня.

«Ёсьць нерэглямэнтаваныя віды. Напрыклад, я магу здабыць колькі заўгодна качак, хаця паляўнічыя кажуць, што нейкі ліміт павінен быць, бо многія ўжо робяцца нахабнымі. Таксама існуюць нармаваныя віды дзічыны — казуля, бабёр, глушэц. На іх патрэбна купіць ня толькі пуцёўку ў лес, але і паляваць у прысутнасьці егера, а ва ўгодзьдзях можна забраць толькі тую колькасьць, якая штогод выдзяляецца навукоўцамі і Міністэрствам лясной гаспадаркі».

Паляўнічы мяркуе, што ўпаляваць аднаго мядзьведзя будзе каштаваць каля 5 тысяч беларускіх рублёў.

«Знайдзіце такіх паляўнічых, хто столькі заплаціць. Мне такі трафэй не патрэбен. Магчыма, гэта будуць іншаземцы, але наўрад ці, бо мядзьведзі ў нас меншыя і трафэі горшыя, чым у той жа Расеі, дзе мядзьведзь будзе і таньней каштаваць».

Мядзьведзь у гарадзенскім заапарку. Жнівень 2018 году
Мядзьведзь у гарадзенскім заапарку. Жнівень 2018 году

«У 1980-я мядзьведзь быў амаль зьнішчаны»

Зусім іншы погляд мае эколяг, былая супрацоўніца Прыпяцкага запаведніку Інэса Балоціна.

«Людзі вельмі пераацэньваюць сваё веданьне дзікай прыроды. Але мы ня ведаем, як працуюць прыродныя працэсы, мы іх прымітыўна ўспрымаем. Бяромся нешта рэгуляваць, а пасьля рэгуляцыі становіцца яшчэ горш. Мядзьведзі — гэта знакавыя жывёлы, вялікія драпежнікі, якія ўвесь шлях эвалюцыі ўступалі ў канфлікт з чалавекам. Да мядзьведзя стаўленьне асаблівае. З аднаго боку — гэта жывёла, якой баяцца; з другога боку — легендарная, татэмная жывёла; з трэцяга боку — забіць мядзьведзя лічылася супэрдоблесьцю».

Балоціна кажа, што ў Беларусі назіраецца хваля папулярнасьці паляваньня, хаця сёньня яно не выконвае тых функцый, як калісьці, калі гэта было неабходна людзям для выжываньня.

«Цяпер прапануюць больш паляваць на зубра, выкрасьліць з „Чырвонай кнігі“ рысь і мядзьведзя. Мядзьведзь трапіў у „Чырвоную кнігу Беларусі“ яшчэ ў 1980-я, бо папуляцыя зьвера амаль была зьнішчаная. У пачатку ХХ стагодзьдзя мядзьведзь займаў амаль усю тэрыторыю Беларусі, уключна з Палесьсем, а потым быў зьнішчаны. Беларусь фактычна сёньня на мяжы арэалу знаходжаньня бурага мядзьведзя».

Па словах эколяга, на сёньня ў Эўропе, разам з эўрапейскай часткай Расеі, пражывае каля 6 тысяч мядзьведзяў.

«Гэта даволі шмат. Але многае залежыць ад краіны. У некаторых краінах ён блізкі да зьнікненьня. У Расеі мядзьведзяў шмат, у Фінляндыі, Нарвэгіі, Швэцыі, Эстоніі таксама. Беларусь на краі арэалу, на Віцебшчыне ён звычайны, там яны захаваліся, а на астатняй частцы — не».

«Немэтазгодна пачынаць паляваньне»

Інэса Балоціна кажа, што мядзьведзь размнажаецца досыць марудна. І калі хтосьці бачыць мядзьведзіцу з трыма ці чатырма медзьведзянятамі, то гэта яшчэ ня значыць, што ўсе яны выжывуць.

«Мядзьведзіца нараджае раз на 2-3 гады, а бывае і 4-6 гадоў інтэрвал у самкі. Мядзьведзі жывуць паасобку, для аднаго зьвера трэба вялікая тэрыторыя. Калі надта прарэдзім папуляцыю, то ў мядзьведзяў будзе менш шанцаў сустрэцца адно з адным і працягнуць размнажэньне. Да мядзьведзя нельга падыходзіць з пункту гледжаньня паляўнічых: „Фігня, настраляем, фігня, разьвядзём“. На вялікіх драпежных жывёлах так не працуе».

Пры гэтым эколяг пагаджаецца, што колькасьць мядзьведзяў у Беларусі расьце, як і ў іншых краінах Эўропы.

«Навукоўцы да канца нават ня ведаюць, чаму так, ёсьць вэрсія, што існуюць вялікія цыклі, якія доўжацца дзесяцігодзьдзямі. Калі спачатку папуляцыя на мінімуме, а потым іх становіцца болей, а яшчэ пазьней зноў адбываецца адкочваньне. Ня ўся Беларусь шчыльна заселеная мядзьведзямі. Іх шмат гіне то ад машыны, то няма чаго есьці, то медзьведзяняты зімой замярзаюць, калі паляўнічыя іхную маці падымуць, адзін аднаго забіваюць яны», — кажа Інэса Балоціна.

Суразмоўца ўпэўненая: калі ёсць сумневы, то лепш нічога не рабіць.

«Зь мядзьведзем мы ня ведаем усіх дэталяў, таму я лічу, што немэтазгодна пачынаць паляваньне на зьвера. „Чырвоная кніга“ таксама дае магчымасьць адстрэльваць праблемных жывёлаў, для гэтага ня трэба выкрэсьліваць яго цалкам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG