Алег Мацкевіч расказаў Праваабарончаму цэнтру «Вясна», што штуршком для такога рашэньня стаў бесьперапынны ціск з боку сілавікоў.
«Я да апошняга моманту, як кажуць, чапляўся зубамі за Беларусь, за свой горад Барысаў. У падсьвядомасьці гэтая думка [зьехаць] сядзела даўно, разумеў, што рана ці позна давядзецца зьехаць. Зыходзіў з таго, што сілавікі не пакідалі мяне ў спакоі, хоць „прэсавалі“, можа, і ня так жорстка, як некаторых іншых.
Але за тры апошнія гады ў мяне дома адбыліся тры брутальныя ператрусы, асабліва апошні, калі на працягу чатырох гадзін, без майго ўдзелу, бо я быў тады арыштаваны, перавярнулі ўсю кватэру, зламалі шмат рэчаў, спрабавалі нават выламаць замураваны ў сьцяну сэйф, у якім я наўмысна трымаў для такой сытуацыі некалькі пратэрмінаваных прэзэрватываў, паламалі пры гэтым кавалак сьцяны. Ведаў, што трэба будзе зьехаць, але ня думаў, што гэта здарыцца так хутка і імкліва. Я выбіраў паміж свабодай і турмой», — расказаў праваабаронца.
8 лістапада сябры праваабаронцы паведамілі ў мэсэнджары, што ён уключаны ў так званае «экстрэмісцкае» фармаваньне «ex-press.live», і яго прозьвішча было пазначана сярод людзей, якія нібыта маюць дачыненьне да гэтага барысаўскага СМІ. Гэта было рашэньне КДБ Беларусі ад 24 кастрычніка.
«Тады, літаральна праз паўгадзіны, я прыняў рашэньне зьяжджаць зь Беларусі. Ужо на наступны дзень, прымаючы меры асьцярогі, выехаў».
«У Беларусі застаецца вельмі шмат прыстойных людзей, і тут Лукашэнка са сваімі апрычнікамі, якія паставілі за мэту вынішчыць усё сьвядомае, выціснуць з краіны нармальных людзей, ніколі гэтай мэты не дасягнуць. Такіх людзей вельмі шмат», — кажа праваабаронца.
Ён патлумачыў, што асабіста для яго самае першае і неабходнае сёньня — гэта прыйсьці ў сябе ў новых абставінах.
«Я ўсё роўна вярнуся ў Беларусь, рана ці позна», — сказаў Мацкевіч.