Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Незнаёмка прыйшла і дала 500 даляраў». Гісторыі таго, як беларусы дапамагаюць землякам у бядзе


Партрэты беларускіх палітвязьняў на акцыі салідарнасьці ў Вільні. Ілюстрацыйнае фота
Партрэты беларускіх палітвязьняў на акцыі салідарнасьці ў Вільні. Ілюстрацыйнае фота

Палітычна матываваныя рэпрэсіі працягваюцца ў Беларусі чацьвёрты год. Столькі ж ідзе кампанія салідарнасьці зь землякамі, якія трапілі ў бяду. Сабралі натхняльныя гісторыі дапамогі.

Пасьля падзей 2020 году беларусаў раскідала па ўсім сьвеце. Нехта пасьпеў пераехаць асэнсавана, прадаўшы маёмасьць і маючы «стартавы капітал». Іншыя ўцякалі з краіны праз балоты і хмызьнякі, з парай шкарпэтак у торбе і з пустымі кішэнямі. Яшчэ нехта трапіў у цяжкую сытуацыю ўжо за мяжой. Свабода сабрала гісторыі, у якіх беларусы ня кінулі сваіх землякоў у бядзе.

Пасьля Акрэсьціна і «Валадаркі» «пасыпалася» здароўе

Вера (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) прайшла ІЧУ на Акрэсьціна і «Валадарку». На Акрэсьціна яна была тры тыдні, у СІЗА-1 на Валадарскага — тры месяцы. На судзе паводле «народнага» артыкулу 342 («Удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») Вера атрымала «хатнюю хімію».

Пасьля таго, як яе адпусьцілі з залі суду, Вера занялася сваім здароўем. Кажа, што за час знаходжаньня за кратамі два разы перанесла каранавірус, які даў розныя ўскладненьні.

«Нам і на Акрэсьціна, і на Валадарскага знарок падкідалі ў камэры людзей з ковідам. І мы бясконца хварэлі», — удакладніла былая зьняволеная.

У яе ўтварыліся даўгі за аплату адваката і шматлікіх візытаў да лекараў. Таму Вера вырашыла зьвярнуцца па дапамогу ў фонд BySol. Збор быў ананімны. Тым ня менш Веры сабралі неабходную суму — каля 1500 эўра.

«Хтосьці не хацеў праз фонд і таму мне асабіста пісаў і ахвяраваў грошы. Сказаць, што я афігела, гэта нічога не сказаць», — кажа Вера.

Жанчына ў выніку выехала зь Беларусі, цяпер за мяжой прыводзіць у парадак здароўе.

«Я ня верыла так моцна, што мне дапамагаюць. Шчыра, я ня вельмі шмат атрымлівала дапамогі ад людзей у жыцьці. Гэта для мяне як падарунак ад Дзеда Мароза, нават калі ты забыўся, што ты ў яго верыш! Гэта для мяне такая падпорка ў жыцьці цяпер! Вось Вэнэцыя стаіць на пáлях зь лістоўніцы, якія ад марской вады ня толькі не гніюць, але і робяцца з гадамі мацнейшымі. Так і для мяне стала такімі пáлямі гэтая дапамога і падтрымка», — кажа беларуска.

Яна пакуль ня можа працаваць, бо цалкам не легалізавалася ў іншай краіне. Але ўпэўненая, што пры першай жа нагодзе будзе падтрымліваць іншых людзей.

«Калі такое здарылася з табой, ты проста ня можаш не рабіць такое ж для іншых! Гэта проста вярнула мне веру ў людзей. Ані на пратэстах, ані ў турме я так ня верыла ў людзей, як цяпер», — кажа Вера.

Рэпрэсіі, вайна ва Ўкраіне, лячэньне анкалёгіі ў Літве

Аляксандар Царук за апошнія тры гады прайшоў праз шматлікія выпрабаваньні. Пасьля рэпрэсій у Беларусі выехаў у Літву. Затым паехаў ваяваць за Ўкраіну ў полк Кастуся Каліноўскага. З прычыны праблем са здароўем вярнуўся ў Вільню. Там у Аляксандра пры абсьледаваньні знайшлі рак, таксама ўзьнікла неабходнасьць замены тазасьцегнавога сустава. Пасьля абвяшчэньня збору сродкаў на апэрацыю землякі ахвяравалі яму больш за 5 тысяч эўра.

Аляксандар Царук
Аляксандар Царук

«Пасьля апэрацыі па анкалёгіі мне далі інваліднасьць. Напісалі, што страта здароўя — 70%. Я не змагу працаваць, як раней. Таму зьвярнуўся па дапамогу ў BySol.

Апроч лекаў, мне трэба адмысловае харчаваньне, аплачваць арэнду жытла. Пэнсію па інваліднасьці мне абяцалі, але на афармленьне яе трэба сама меней некалькі месяцаў», — тлумачыць Аляксандар.

Аляксандар Царук
Аляксандар Царук

Ён кажа, што дапамога ішла ня толькі праз фонд. Многія людзі перадавалі грошы на картку ці асабіста. Дапамаглі і пабрацімы, якія засталіся ва Ўкраіне. Аляксандар дадае, што ён ня сядзіць склаўшы рукі (адна рука ў яго не працуе. — РС).

«Дапамагаю людзям, як магу. Вазіў гуманітарную дапамогу ў лягеры для ўцекачоў. Стараемся дапамагаць беларусам, якія вярнуліся ў Літву пасьля вайны ва Ўкраіне, стварылі сваю арганізацыю былых ваяроў», — патлумачыў суразмоўца.

Ён кажа, што ўдзячны ўсім, хто працягнуў яму руку ў цяжкі час. Наперадзе ў яго яшчэ дасьледаваньні наконт анкалягічнай хваробы.

Цешацца ня столькі грашам, колькі падтрымцы

Нядаўна зь Беларусі выехалі Аліна Нагорная і Ігар Случак з двума малымі сынамі. Два гады яны вялі там падпольнае жыцьцё, асьцерагаючыся арышту. Іхныя сацыяльныя сеткі ўлады прызналі «экстрэмісцкімі». Пачало псавацца здароўе. У выніку сужэнцы вырашылі пакінуць краіну. На арэнду жытла, рэчы для дзяцей і мэдыцынскую дапамогу яны папрасілі ў неабыякавых беларусаў праз BySol 5 тысяч эўра. За кароткі час ім пералічылі больш за 6 тысяч.

«Мы спадзяваліся, што людзі нас падтрымаюць. Бо наша праца па абароне беларускай мовы для многіх была важнай. І гэты збор для нас — паказчык, што людзі цанілі нашу працу, яна была патрэбнай», — кажа Ігар Случак.

Аліна Нагорная і Ігар Случак
Аліна Нагорная і Ігар Случак

Цяпер яны спрабуюць уладкаваць сваё жыцьцё ў Вільні. Случак кажа, што пакуль яны не зусім даюць рады.

«Бо ў Беларусі ў нас была добрая нянька, тут жа іншыя цэны на такія паслугі. Таму пакуль глядзім дзяцей увесь час. І „ябацькі“ пакуль адпачываюць ад нас. Але мы ўладкуемся і возьмемся за працу», — запэўнівае «моўны інспэктар».

Ігар дадае, што ў Беларусі жыцьцё больш таннае, але ў Літве ёсьць бясьпека, якой не было на радзіме. «Там маглі б арыштаваць і кінуць не ў зусім прыемныя ўмовы. Ды дзяцей забраць у прытулак. Тут хоць за гэта ня страшна», — дадаў Случак.

Не выпускалі з турэцкага шпіталя, пакуль не заплаціць за апэрацыю

Яўген Грэкаў пасьля перасьледу ў Беларусі пераехаў жыць у Грузію. Ён працуе рэпэтытарам ангельскай і кітайскай мовы. Беларусам у Грузіі трэба раз на год выехаць у іншую краіну, каб «абнуліць» тэрмін знаходжаньня. Яўген паехаў у Турэччыну і зламаў там нагу. Прычым так, што спатрэбілася складаная апэрацыя.

«Было горача. Мы стаялі на пірсе, і я вырашыў пакупацца. Вада была настолькі чыстая, што я не разьлічыў глыбіню. І вось вышэйшыя сілы, я лічу, зьбераглі мяне — бо хацеў скокнуць „шчупаком“, галавой у ваду, а ў апошні момант перадумаў і скокнуў „салдацікам“, нагамі. І зламаў нагу ў трох месцах», — успамінае суразмоўца.

Яўген Грэкаў
Яўген Грэкаў

На «хуткай» у паўпрытомным стане яго прывезьлі ў шпіталь. Спыталіся пра мэдыцынскую страхоўку. Але Яўген яе ня меў. «У цябе праблемы», — так мне адразу заявілі лекары і дадалі, што такая апэрацыя будзе каштаваць ад 10 да 20 тысяч даляраў«, — кажа беларус. Мэдыкам ён прызнаўся, што ня мае такіх грошай. Тады лекары, па словах Яўгена, пачалі яго пераконваць, каб ехаў у Беларусь, а яны яго «наколюць» абязбольвальнымі сродкамі.

«Мне цяжка было тлумачыць, чаму я не магу аніяк ехаць у Беларусь. Добра, што са мной былі знаёмыя, якія „вызванілі“ іншы шпіталь і там мне выставілі іншую цану — 5 тысяч даляраў», — тлумачыць эмігрант.

Яўген Грэкаў
Яўген Грэкаў

Яўген прызнаецца, што 5 тысяч даляраў для яго — шалёныя грошы. Бо з Беларусі хлопец ехаў з адным заплечнікам, а рэпэтытарствам так шмат не заробіш. Пасьля апэрацыі яго папярэдзілі, што ня выйдзе са шпіталю, пакуль не заплаціць — ня выпусьціць паліцыя на выхадзе. Суму, якая была патрэбная, каб выйсьці са шпіталя, Яўгену пазычылі сябры і знаёмыя. Шпіталь пагадзіўся для пачатку на 1500 даляраў.

«Я ўвесь час данаціў на розныя зборы, у тым ліку на BySol. Хай гэта былі невялікія грошы з майго боку, але ўсё ж. Таму я вырашыў зьвярнуцца ў гэты фонд. Падаў усе дакумэнты, рахункі. І яны адкрылі мне збор», — кажа беларус.

Пакуль яму сабралі ня ўсю суму. Але Яўген спадзяецца на дапамогу. «Бо я лічу, што гэтыя цёмныя для нас часы мы, беларусы, мусім стаяць адзін за аднаго, падтрымліваць адзін аднаго. У Батумі ў нас моцная дыяспара. Мы тут адзін аднаго падтрымліваем і верым у лепшыя часы. Мы вернемся ў нашу родную краіну, гэта проста гістарычна наканавана. Але трэба яшчэ час», — дадаў Яўген.

Прасіў на цёплыя рэчы для дзяцей — атрымаў 3 з паловай тысячы эўра

Лекар Міхаіл Самборскі вырашыў прасіць дапамогу, бо дзеці ня мелі на зіму цёплых рэчаў. Ён заявіў суму на 800 эўра. У выніку неабыякавыя людзі пералічылі яму больш за 4 тысячы.

«Я саромеўся прасіць дапамогі. Ну так я выхаваны. Я і ня дужа спадзяваўся і думаў, што не такі я і пацярпелы. Але мяне сябры пераканалі зьвярнуцца. Мы ўжо купілі тое самае неабходнае, што нам патрабавалася», — кажа лекар.

Міхаіл Самборскі
Міхаіл Самборскі

Ён дадаў, што аніяк не чакаў такой вялікай падтрымкі. «Я сам данаціў увесь час, дапамагаў палітвязьням, але гэта былі невялікія зусім сумы. Цяпер мне дапамаглі ў шмат разоў больш! Раней я лічыў, што я нейкі ненармальны, бо дапамагаў нават тым, мо каму і ня варта. Цяпер жа бачу, што я не недаацэньваў людзей! Гэта проста неверагодна — такая вялікая падтрымка. Я моцна крануты гэтым!» — кажа Міхаіл.

Цяпер ён плянуе дапамагчы сваёй дачцэ. Яна вучыцца ў ВНУ, падпрацоўвае і напісала ліст да рэктара, каб зьнізіў ёй кошт за навучаньне. «Але калі рэктар не пагодзіцца, то трэба будзе дачцэ дапамагчы», — кажа лекар.

«Нікому зь людзей грошы зь неба ня падаюць, усе ж працуюць, зарабляюць. Але аказалі нам такую моцную падтрымку! Думаю, мы абавязаныя перамагчы, раз так дапамагаем адзін аднаму і трымаемся адзін аднаго», — лічыць Міхаіл.

Апроч кісты, знайшлі яшчэ і апэндыцыт

21-гадовая беларуска просіць называць яе Мільва. Яна тэрмінова ўцякала зь Беларусі, бо сяброўка ўбачыла яе на здымках у кнізе «Я выхожу».

«Юрыстка параіла мне ўцякаць. Так я апынулася ў Грузіі. Пачаліся праблемы са здароўем. Мне патрэбна была апэрацыя па гінэкалёгіі. І аказалася, гэта ня ўсё — яшчэ знайшлі запаленьне апэндыксу», — кажа Мільва.

Са шпіталя яе не хацелі адпускаць, пакуль не аплаціць усе рахункі. «На жаль, мэдыцынская страхоўка на такія выпадкі дзейнічае толькі праз год пасьля афармленьня. Я ж у Грузіі на той момант была толькі 10 месяцаў», — кажа беларуска.

Яна засталася вінаватая шпіталю каля 1500 даляраў. Дзяўчына працавала барыстай і ня мела такіх грошай. Сродкі ёй пазычыла начальніца з працы, але гэтыя грошы трэба было аддаць. Мільва мусіла зьвярнуцца ў BySol, таксама напісала ў чаты беларускай дыяспары ў Грузіі.

«Быў шок, калі адгукнулася адна беларуска. Яна прыйшла і проста прынесла мне 500 даляраў! „Вось, — кажа, — трымайце“. І пажадала мне здароўя. Але было такое, што і хэйцілі ў чатах. Маўляў, маладая, ідзі працуй. Як мне працаваць пасьля апэрацыі?» — кажа беларуска.

Мільва зрабіла такую выснову, што чалавек можа атрымаць дапамогу ад іншых людзей, асабліва тады, калі сам некаму дапамагае. Яна кажа, што і ў Беларусі, і ў Грузіі актыўна займалася дапамогай бадзяжным жывёлам.

«Можа быць, у мяне добрая карма. Пасьля апэрацыі патрэбны былі адмысловыя кампрэсійныя панчохі і кіёк. Я напісала ў чат, і мне незнаёмая жанчына аддала такія панчохі і кіёк са словамі: „Калі яны ўжо вам ня будуць патрэбныя, проста аддайце таму, каму трэба будзе. Хай будзе такі акт дабра“. Гэта ўсё было вельмі нечакана і вельмі прыемна», — кажа Мільва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG