Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладальнік тэрміналу ў порце Клайпеды расказаў пра шанцы Беларусі выйграць суд у Літвы


Порт у Клайпедзе
Порт у Клайпедзе

Пытаньне тычыцца пазову «Беларуськалію» да літоўскай дзяржавы.

«Беларуськалій» праз арбітражны суд патрабуе ад Літвы пакрыць страты з прычыны забароны на транзыт угнаеньняў. Размова пра суму ад 1 млрд эўра. Уладальнік клайпедзкага тэрміналу насыпных грузаў Birių krovinių terminalas (BKT) Ігар Удавіцкі напісаў, што афіцыйная Вільня ня мела законнага права забараняць транзыт беларускіх угнаеньняў.

Удавіцкі лічыць, што Літва таксама ня мела права скасоўваць дамову транспартаваньня і спыняць доступ да тэрміналу BKT, тым самым уплываючы на доўгатэрміновую дамову «Беларуськалій»-BKT, тэрмін дзеяньня якой разьлічаны да 2066 году.

Уладальнік клайпедзкага тэрміналу заявіў, што рашэньні ўраду Літвы парушылі міжнародныя пагадненьні, якія стаяць вышэй за нацыянальнае права (у тым ліку Венскую канвэнцыю), а законы Эўразьвязу не павінны ўплываць на абавязаньні Літвы па міжнародных дамовах.

Удавіцкі зазначыў, што санкцыі ЭЗ не распаўсюджваюцца на дзейнасьць прадпрыемстваў, якія забясьпечваюць функцыянаваньне інвэстыцыі «Беларуськалію», і Літва абавязаная прымяняць выключэньні з санкцый у адпаведнасьці з Дамовай аб функцыянаваньні ЭЗ.

У той жа час бізнэсовец успомніў, што летам 2022 году Літва зьняла санкцыі з усіх расейскіх угнаеньняў, што дазволіла «Ўралкалію», прамому канкурэнту «Беларуськалію», па выніках мінулага году ўвайсьці ў 30 найбуйнейшых падаткаплатнікаў Расеі. Пры гэтым дзяржава Літва страціла сотні мільёнаў эўра даходаў ад транзыту калію і тысячы працоўных месцаў.

Удавіцкі лічыць пазоў «першай ластаўкай», бо ад забароны Літвой транзыту калійных угнаеньняў пацярпелі многія кампаніі, што прынесла шмат мільярдаў матэрыяльнай шкоды.

«Беларуськалію» належыць 30% долі ў тэрмінале насыпных грузаў Birių krovinių terminalas. Беларусь набыла гэтыя акцыі яшчэ ў 2013 годзе.

Пазоў «Беларуськалію» супраць Літвы

Паводле інфармацыі тэлеканалу TV3, «Беларуськалій» абвінавачвае Вільню ў парушэньні двухбаковага пагадненьня аб абароне інвэстыцый, падпісанага ў 1999 годзе. Свае страты прадпрыемства ацаніла ў 1 мільярд эўра.

У заяўніка дзьве прэтэнзіі: касаваньне дамовы аб перавозках угнаеньняў чыгункаю ў Клайпедзкі порт, а таксама зьніжэньне кошту акцыяў «Беларуськалію» і тэрміналу насыпных грузаў (BKT) у Клайпедзе — кошт акцыяў зьнізіўся праз санкцыі супраць беларускай кампаніі.

Літва скасавала пагадненьне аб транспартаваньні беларускіх калійных угнаеньняў, спасылаючыся на пагрозу нацыянальнай бясьпецы. Перавозкі спыніліся ў лютым 2022 году.

«Беларуськалій» раней ужо судзіўся зь літоўскімі ўладамі, але беспасьпяхова. У красавіку 2022 году Віленскі акруговы суд адхіліў пазоў, а ў сьнежні Галоўны адміністратыўны суд Літвы канчаткова адмовіў «Беларуськалію» і пастанавіў не аднаўляць справу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG