Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 20 затрыманых за нясплату падаткаў: КДБ узяўся за маршрутчыкаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі завёў крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў (арт. 243 КК РБ) у дачыненьні да аднаго з найбуйнейшых інтэрнэт-агрэгатараў у сфэры пасажырскіх перавозак, які аб’яднаў на сваёй плятформе больш за 300 перавозчыкаў, паведамляе дзяржаўны тэлеканал «Беларусь 1».

У якасьці падазраваных і абвінавачаных па справе прыцягнулі больш за 20 чалавек, заявіў намесьнік начальніка Сьледчага ўпраўленьня КДБ Беларусі Канстанцін Бычак.

Ён сьцьвярджае, што ўладальнікі інтэрнэт-рэсурсу (назвы якога ён не агучыў) за доступ да кліенцкіх базаў і загрузкі пасажырамі нібыта прасілі перавозчыкаў «рэгулярна дзяліцца зь імі» няўлічанымі наяўнымі грашыма, а перавозчыкі, «каб выканаць гэтую ўмову, хавалі абʼёмы ўласнай выручкі: не выдавалі пасажырам квіткі, выконвалі няўлічаныя рэйсы».

Паводле Бычака, перавозчыкаў, якія хацелі працаваць незалежна ад уладальнікаў інтэрнэт-агрэгатара, нібыта шантажавалі і пагражалі ім.

Цяпер фігуранты справы даюць паказаньні і «прымаюць меры да пакрыцьця нанесенай дзяржаве шкоды», дадаў прадстаўнік КДБ.

14 лістапада ўрад Беларусі падрыхтаваў праект указу, які рэгулюе адносіны ў сфэры аўтамабільных перавозак пасажыраў. Згодна зь ім заплянавана стварыць дзяржаўны рэестар перавозак пасажыраў — перавозчыкаў і дыспэтчараў змусяць даваць дзяржаўным органам доступ да інфармацыі аб выкананых заказах, а саміх дыспэтчараў прымусяць адкрыць юрыдычную асобу ў Беларусі і разьмясьціць сэрвэры ўнутры краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG