На гэта зьвярнула ўвагу «Наша ніва».
На пытаньне пра выключэньне з праграмы рамана «Каласы пад сярпом тваім» Уладзімера Караткевіча Гігін адказаў:
«Гэта была мая ініцыятыва. Я даваў справаздачу аб гэтым на радзе па гістарычнай палітыцы. Гэта цікавы раман нашага выбітнага клясыка Ўладзіміра Караткевіча. Але школьная праграма — гэта фармаваньне пэўнай гістарычнай памяці».
Раней гэты раман праходзілі ў 11 клясе, але з гэтага году яго прыбралі з праграмы. У ім расказваецца пра час перад паўстаньнем 1863 году, а сярод гістарычных пэрсанажаў згадваюцца Кастусь Каліноўскі і Тарас Шаўчэнка.
На погляд Гігіна, Караткевіч скажона прадставіў падзеі ў мастацкім творы:
«Там вельмі шмат выдуманага, розныя гістарычныя пэрсанажы паказаныя ва ўспрыняцьці нашага выбітнага пісьменьніка, але ня так, як яны паўстаюць з гістарычных дакумэнтаў».
Цяпер раман «Каласы пад сярпом тваім» у школьнай праграме заменены на «Чорны замак Альшанскі». У апошнім, як патлумачыў Гігін, «няма вось гэтых гістарычных перакосаў».
Ён мяркуе, што Караткевіч шмат у чым ідэалягізаваў вобраз Каліноўскага.
«Бо шмат хто з нашых суайчыньнікаў ведае Каліноўскага не як гістарычнага пэрсанажа, а як чалавека, які выйшаў з твораў Караткевіча. І тут ня столькі «Каласы пад сярпом тваім», ёсьць і п’еса ў Караткевіча «Кастусь Каліноўскі».
«Разумееце, літаратура, гісторыя, тое, як мы выкладаем у школе, — гэта пэўная праграма выхаваньня грамадзяніна. І мы расстаўляем акцэнты на тых літаратурных творах, якія выконваюць гэтую задачу — выхаваньне грамадзяніна нашай Рэспублікі Беларусь. Мы замянілі адзін раман Караткевіча на другі твор выбітнага пісьменьніка», — патлумачыў Гігін.
Ён таксама выказаўся і наконт Васіля Быкава.
«Колькі дзідаў зламана з нагоды Васіля Быкава. У наступным годзе — 100-годзьдзе гэтага выбітнага клясыка. І які ўрок нам усім даў прэзыдэнт 1 верасьня мінулага году, калі загаварыў пра Быкава? Быкава, якога праціўнікі нашай дзяржаўнасьці, праціўнікі Аляксандра Лукашэнкі, праціўнікі нашага ладу падаюць толькі з пазыцыяў яго палітычных поглядаў, яго ідэалягічных поглядаў, прычым апошняй стадыі жыцьця.
Для іх Быкаў важны не як вялікі пісьменьнік, не як Герой Сацыялістычнай працы. Гэта вялікі пісьменьнік-экзыстэнцыяліст свайго часу. „Сотнікаў“ — гэта твор, які ня мае роўных у сусьветнай літаратуры. І ён не адзіны. Гэта і „Альпійская баляда“. Мы можам бясконца пералічваць.
Але для іх Быкаў важны ня гэтым. А як паплечнік, як яны думаюць, Зянона Пазьняка. А гэта ж прыніжае вялікага клясыка нашай літаратуры».