У Курапатах бальшавікі расcтралялі сама меней дзясяткі тысяч чалавек. Але сёньня асноўная маніпуляцыя наконт Курапатаў робіцца ў больш выдасканаленай форме, чым раней: маўляў, там або ахвяры немцаў, або нехта яшчэ, а ўвогуле мы ня ведаем усёй праўды, а можа Курапаты прыдумала ЦРУ.
Тлумачым на прыкладах, хто насамрэч расстрэльваў у Курапатах:
- 3 чэрвеня 1988 году ў газэце «Літаратура і мастацтва» быў надрукаваны артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці». У выніку сьвет даведаўся пра масавыя сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі.
- Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937-га па 1941 год у лясным масіве пад Менскам. Гэта пацьвердзілі ўсе праведзеныя расьсьледаваньні.
- З 1993 году ўрочышча Курапаты занесенае ў дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі як месца пахаваньняў палітычных рэпрэсіяў 1930-40-ых гадоў.
- Пасьля прыходу да ўлады ў 1994-м Аляксандра Лукашэнкі праз Курапаты збудавалі частку аўтадарогі, у другой частцы ўрочышча нярэдка адбываліся правакацыі — невядомыя, якіх міліцыя ніколі не магла знайсьці і прад’явіць грамадзкасьці, апаганьвалі крыжы, разьбівалі «лаву Клінтана», малявалі свастыкі і прарасейскія лёзунгі.