Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Заходнюю Эўропу абрынуўся ўраган «Кіяран», ёсьць загінулыя


Сатэлітны здымак урагану, ілюстрацыйнае фота
Сатэлітны здымак урагану, ілюстрацыйнае фота

Ад урагану, які сфармаваўся над Атлянтыкай, пацярпелі Вялікая Брытанія, Францыя, Нямеччына, Бэльгія і Нідэрлянды. Вядома аб гібелі двух чалавек.

На захад Эўропы абрынуўся ўраган «Кіяран», які сфармаваўся над Атлянтыкай. У ноч на чацьвер, 2 лістапада, ва ўладзе стыхіі апынуліся паўднёвы захад Англіі і паўночны захад Францыі, паведамляе DW.

У Францыі дрэвамі, якія ўпалі, былі блякаваныя многія дарогі і чыгуначныя шляхі, каля 1,2 млн хатніх гаспадарак засталіся без электрычнасьці, дзясяткі тысяч чалавек былі адрэзаныя ад мабільнай сувязі. Больш за 1300 чалавек былі эвакуяваныя, перадае dpa са спасылкай на міністра ўнутраных спраў Францыі Жэральда Дарманэна.

Акрамя таго, паведамляецца пра гібель у Францыі аднаго чалавека: у выніку падзеньня дрэва на грузавік загінуў кіроўца. На атлянтычным і паўночным узьбярэжжах Францыі абвешчаная небясьпека паводкі. У рэгіёне Брэтань вышыня хваляў дасягала 21 мэтра, а парывы ветру — 200 км/г. Павышаны ўзровень небясьпекі ў выніку экстрэмальнага надвор’я абвешчаны ў 31 дэпартамэнце, уведзеныя абмежаваньні на рух грузавога транспарту. Затрыманыя і адмененыя шэраг рэйсаў у аэрапортах Брэста і Кампэра.

Адзін чалавек загінуў і ў Нямеччыне. У горным масіве Гарц маладая жанчына падчас прагулкі з мужам і дзецьмі загінула ў выніку падзеньня дрэва. Мэтэаралягічная служба Нямеччыны абвясьціла на 2 лістапада штармавое папярэджаньне для ўзьбярэжжа Паўночнага мора і папярэджаньне аб моцным ветры для некаторых раёнаў на балтыйскім узьбярэжжы. Ужо ў першай палове дня паваленыя дрэвы ўскладнілі чыгуначны рух у фэдэральнай зямлі Паўночны Рэйн — Вэстфалія. У Нямеччыне ў гэтага ўрагану іншая назва — «Эмір».

На паўднёвым узьбярэжжы Вялікай Брытаніі зачыненыя сотні школаў, а ў Дэвоне засталіся без электрычнасьці 6000 хатніх гаспадарак. Чыгуначныя кампаніі ў рэгіёне Вялікі Лёндан заклікалі жыхароў адмовіцца ад неабавязковых паездак. Перарваная праца паромнай пераправы паміж Дуўрам і Кале.

У Нідэрляндах адмененыя сотні авіярэйсаў, паведаміў прадстаўнік амстэрдамскага аэрапорта Схіпхол. Абмежавана і суднаходзтва на Паўночным моры. Нідэрляндзкая мэтэаралягічная служба абвясьціла другі, «аранжавы» узровень пагрозы для паўднёва-заходняй правінцыі Зэляндыя і іншых раёнаў на ўзьбярэжжы Паўночнага мора.

У Бэльгіі ў ноч на 2 лістапада ўраган выклікаў абмежаваньні ў руху транспарту. Порт Гента з паўночы не прымаў і не адпраўляў суда. Каралеўскі мэтэаралягічны інстытут папярэдзіў аб моцным ветры да 110 км/г.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG