Песьня зробленая на падмурку дэма-запісу Джона Ленана 1970-х гадоў. Для таго каб «выцягнуць» вакал Ленана са старой касэты, скарысталі тэхналёгію штучнага інтэлекту.
У прэс-рэлізе ўдзельнікі гурту заявілі, што выкананьне песьні было сюррэалістычным вопытам.
«Вось гэта голас Джона, крышталёва чысты, — сказаў Пол Макартні. — Гэта вельмі эмацыйна. І мы ўсе граем на ім, гэта сапраўдны запіс Beatles. У 2023 годзе працягваць працаваць над музыкай Beatles і зьбірацца выпусьціць новую песьню, пра якую публіка ня чула, — я думаю, што гэта цікава».
«Гэта было самае блізкае да таго, каб ён вярнуўся ў залю, таму для ўсіх нас гэта было вельмі эмацыйна, — дадаў Рынга Стар. — Ведаеце, быццам Джон быў там».
«Now And Then» першапачаткова была напісана Джонам Ленанам пасьля распаду «Бітлз» у 1970 годзе і на працягу многіх гадоў распаўсюджвалася як бутлег. Выбачальная песьня адрасавана старому сябру (ці каханцы). Ленан сьпявае: «Часам я сумую па табе / Час ад часу я хачу твайго вяртаньня».
Пасьля таго як у сьнежні 1980 году Ленан быў сьмяротна паранены каля свайго дома ў Нью-Ёрку, яго ўдава Ёка Она перадала песьню Полу Макартні.
Гурт раней спрабаваў запісаць Now And Then, але сэсію хутка спынілі праз дрэнную якасьць запісу. З тых часоў Пол Макартні хацеў завяршыць песьню — і прагрэс у аўдыётэхналёгіях нарэшце зрабіў гэта магчымым.
Песьня таксама ўвойдзе ў новыя рэмастэрынгаваныя вэрсіі альбомаў The Beatles Red and Blue, якія выйдуць 10 лістапада.