Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь дапамагае дзецям Данбасу перабудавацца на мірны лад жыцьця», — Марыя Львова-Бялова ў Менску


Марыя Львова-Бялова, архіўнае фота
Марыя Львова-Бялова, архіўнае фота

Упаўнаважаная пры прэзыдэнце Расеі ў правах дзіцяці, супраць якой выдадзены міжнародны ордэр на арышт за дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей, удзельнічае ў другім пасяджэньні камісіі дзіцячых амбудсмэнаў.

«Расейскія ўлады актыўна дапамагаюць дзецям, якія пражываюць у рэгіёнах, што часта аказваюцца пад абстрэламі з боку ўкраінскай арміі». Гэта стала асноўным пасылам выступленьня Марыі Львовай-Бяловай у Менску.

Дзецям з Данбасу вельмі важна перабудавацца на мірны лад жыцьця, і Беларусь робіць вялікі ўнёсак у гэтую справу, сказала Львова-Бялова на сустрэчы з расейскім паслом Барысам Грызловым, піша Sputnik.

Яна выказала ўдзячнасьць Беларусі за дапамогу ўкраінскім дзецям. І адзначыла, што як прыёмная маці разумее важнасьць зьмены абстаноўкі для дзяцей, бо ў Данбасе працягваюцца абстрэлы.

Яна канстатавала, што на Захадзе дапамога дзецям скажаецца, і эвакуацыя ператвараецца ў «дэпартацыю». Расейская апека над украінскімі дзецьмі нібыта ператвараецца ў «гвалтоўнае ўсынаўленьне».

Львова-Бялова падкрэсьліла, што для замежных СМІ праводзяцца адмысловыя сустрэчы, дзе журналістам даюць магчымасьць ацаніць, як усё адбываецца на самай справе, але «вельмі малая колькасьць журналістаў праяўляе да гэтага цікавасьць».

Сярод вывезеных Расеяй дзяцей — каля 1,5 тысячы выхаванцаў устаноў для сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у тым ліку 52 дзіцяці зь цяжкімі паталёгіямі.

Цягам 2022 году Марыя Львова-Бялова зрабіла 10 паездак на акупаваную Расеяй тэрыторыю Ўкраіны — у Данецкую, Луганскую, Запароскую і Херсонскую вобласьці.

У Кіеве гэтую практыку назвалі незаконным перамяшчэньнем украінскіх дзяцей. Офіс генпракурора Ўкраіны пачаў крымінальнае вядзеньне па факце «прымусовай дэпартацыі больш як 19 тысяч дзяцей» з акупаваных тэрыторый Данбасу, Луганскай, Запароскай, Херсонскай і Харкаўскай абласьцей, у тым ліку ў Беларусь.

За незаконную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна Марыі Львовай-Бяловай.

Штомесяц устанаўліваюцца новыя факты выкраданьня ўкраінскіх дзяцей з акупаваных расейцамі тэрыторый.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG