Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьці вакансій і занятых у эканоміцы паставілі антырэкорды


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У эканоміцы Беларусі працягвае скарачацца колькасьць занятых. У верасьні гэты паказьнік склаў 4 мільёны 137,9 тысячы чалавек, паведамляе Белстат. Гэта на 13 100 менш, чым месяцам раней.

Як заўважае «Зеркало», гэта чарговы антырэкорд.

Напярэдадні аб праблеме скарачэньня занятага ў эканоміцы насельніцтва гаварыў прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка. «Тут працуюць розныя фактары, як абʼектыўныя, так і субʼектыўныя. Так, зараз у працаздольны ўзрост уступае пакаленьне, якое нарадзілася ў пэрыяд так званай дэмаграфічнай ямы 1990-х гадоў. Ёсьць і іншыя фактары», — заявіў Раман Галоўчанка, але не канкрэтызаваў, пра якія менавіта прычыны ідзе гаворка.

Паводле яго, каб вырашыць праблему, чыноўнікі маюць намер прыцягваць замежных работнікаў і «максымальна задзейнічаць існуючыя працоўныя рэсурсы».

Тым часам 26 кастрычніка была зафіксаваная максымальная колькасьць вакансій. У сярэдзіне дня ў агульнарэспубліканскім банку вакансій было разьмешчана амаль 140 тысячаў прапановаў ад наймальнікаў.

Каля 59 300 вакансій — на заробак да 900 рублёў. Прычым трэба ўлічваць, што наймальнікі, як правіла, пазначаюць сумы да выплаты падаткаў. Гэта значыць, на рукі выйдзе менш. Зарплату ад 1500 рублёў гатовыя плаціць па 16 600 вакансій.

Тым часам Раман Галоўчанка лічыць, што недахоп працаўнікоў «ня носіць надзвычайнага характару».

«У цэлым прадпрыемствы вострага дэфіцыту кадраў не адчуваюць. Тым ня менш праблема збалянсаванасьці рынку працы ёсьць, і ўрад над гэтым працуе. Для выхаду на станоўчую дынаміку плянуецца рэалізаваць меры, накіраваныя на максымальнае задзейнічаньне існуючых працоўных рэсурсаў і прыцягненьне ў краіну кваліфікаванай замежнай рабочай сілы. Некаторыя крокі ў гэтым кірунку ўжо зробленыя», — заявіў кіраўнік ураду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG