Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паміж мусульманамі і хрысьціянамі Беларусі канфліктаў не было». Памёр першы муфтый Беларусі Ісмаіл Александровіч


Ісмаіл Александровіч (1929-2024). Фота: islam.by
Ісмаіл Александровіч (1929-2024). Фота: islam.by

Першы муфтый незалежнай Беларусі Ісмаіл Александровіч памёр 25 верасьня, паведаміла «Наша Ніва» са спасылкай на афіцыйны сайт Духоўнага ўпраўленьня мусульман у Рэспубіцы Беларусь. Яму было 95 гадоў.

Ісмаіл Мустафавіч Александровіч нарадзіўся ў Клецку ў 1929 годзе. Працаваў інжынэрам. У канцы 1980-х і пачатку 1990-х стаяў на чале ісламскага адраджэньня ў Беларусі.

У 1994-м ён узначаліў створанае Мусульманскае рэлігійнае аб’яднаньне ў Рэспубліцы Беларусь і быў муфтыем да 2005 года. Паводле islam.by, менавіта Александровіч быў галоўным ініцыятарам будаўніцтва Менскай Саборнай мячэці.

Муфтый Александровіч быў пасьлядоўным прыхільнікам міжканфэсійнага дыялёгу. Пасьля тэракту ў Нью-Ёрку 11 верасьня 2001 году ён сказаў ў камэнтары Свабодзе, што «паміж мусульманамі і хрысьціянамі Беларусі канфліктаў не было і няма».

У іншым інтэрвію Свабодзе ён сьцьвярджаў, што «няма ніякага канфлікту цывілізацый, што людзі знойдуць паразуменьне».

«Хочуць нас ілбамі сутыкнуць, але гэтага не павінна быць і ня будзе, я лічу, што розум пераможа… Цяпер вельмі абвастрылася гэтая барацьба, і людзі ўспрымаюць яе таксама вельмі востра… Тое, што пасьля 11 верасьня такое абвастрэньне, то гэта апраўдана, таму што людзі нявінныя гінуць, тысячамі. І выйсьце толькі ў тым, каб знайсьці згоду паміж людзьмі, нацыямі, рэлігіямі».

Ісмаіл Александровіч ганарыўся тым, што беларускія татары спрычыніліся да стварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.

«Гэта была спроба стварыць асобную самастойную дзяржаву. Тое, што не атрымалася, дык гэта такія абставіны былі… Ібрагім Канапацкі працаваў са мной, дык ягоны дзядзька быў вайсковым арганізатарам БНР, ён пра гэта расказваў…», — казаў Ісмаіл Александровіч у 2008 годзе.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG