На думку міністра, вайскова-патрыятычнае выхаваньне неабходнае, каб «кожны малады чалавек усьведамляў значнасьць свайго абавязку і неабходнасьці ня толькі любіць радзіму, але і быць гатовым яе абараняць ва ўсіх сэнсах гэтага слова», цытуе яго БелТА.
Паводле Іванца, перад беларускімі школамі паставілі задачу, каб на працягу гэтага году яны «правялі сур’ёзную работу» па стварэньні такіх клясаў і клюбаў.
У рамках выхаваўчага працэсу чыноўнік таксама прапанаваў у шосты школьны дзень вадзіць вучняў школ у музэі і арганізоўваць для іх «сустрэчы з рознымі вядомымі людзьмі і з прадстаўнікамі органаў улады».
- На пачатку мінулага навучальнага году ў Беларусі функцыянавала больш за паўсотні клюбаў і больш за 80 профільных вайскова-патрыятычных клясаў.
- У траўні віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка казаў, што ў Беларусі ўжо створана каля 800 патрыятычных клюбаў.
- Улетку для вучняў 10 і 11 клясаў у Беларусі арганізуюць платныя вайскова-патрыятычныя летнікі і палявыя зборы, якія праводзяць у межах навучальнага курсу дапрызыўнай падрыхтоўкі. На занятках школьнікі вучацца абыходзіцца са зброяй, наведваюць сустрэчы зь міліцыянтамі і вайскоўцамі.
- Да 2025 году ва ўсіх школах Беларусі таксама павінны зьявіцца факультатывы па сямейных каштоўнасьцях, паведаміла ў кастрычніку міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касьцевіч.
- У той жа час генэральны пракурор Беларусі Андрэй Швед нядаўна абурыўся тым, што ў школах зашмат урокаў ангельскай мовы. На ягоную думку, ведаючы замежныя мовы, беларускім выпускнікам прасьцей паехаць працаваць за мяжу.
- Навучальны год у школах пачаўся зь «ператрусу» — з кабінэтаў і бібліятэк выкінулі многія старыя падручнікі і дапаможнікі, асабліва падручнікі па гісторыі і замежных мовах. Школы наведваюць дэлегацыі з чыноўнікаў, якія расказваюць, што і як трэба зьмяняць «з улікам зьменаў у дзяржаўнай ідэалёгіі», як раней заявіў міністар адукацыі Беларусі Андрэй Іванец.