Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада Бясьпекі ААН адхіліла і расейскі, і амэрыканскі праекты рэзалюцый аб сытуацыі ў Ізраілі і Газе


Выступленьне міністра замежных спраў Ізраілю Элі Коэна ў ААН адносна ваеннага канфлікту, 24 кастрычніка 2023
Выступленьне міністра замежных спраў Ізраілю Элі Коэна ў ААН адносна ваеннага канфлікту, 24 кастрычніка 2023

Кітай і Расея наклалі вэта на праект рэзалюцыі, аўтарам якой былі Злучаныя Штаты, у той час як другая рэзалюцыя, падтрыманая Расеяй, не змагла забясьпечыць дастатковую колькасьць галасоў «за», што паглыбіла тупік Рады Бясьпекі адносна супольнага адказу на канфлікт.

Праект рэзалюцыі ад ЗША ня быў прыняты з прычыны адмоўнага галасаваньня пастаянных членаў Рады Бясьпекі Кітаю і Расеі. Дзесяць чальцоў Рады прагаласавалі за праект рэзалюцыі, тры — супраць (Кітай, Расея і ААЭ), двое ўстрымаліся (Бразылія і Мазамбік).

Другі праект рэзалюцыі, унесены Расеяй, ня быў прыняты, бо не набраў дастатковай колькасьці галасоў у падтрымку. Чатыры члены Рады прагаласавалі за (Кітай, Габон, Расея і ААЭ), два — супраць (Вялікая Брытанія і ЗША), дзевяць — устрымаліся (Альбанія, Бразылія, Эквадор, Францыя, Гана, Японія, Мальта, Мазамбік, Швайцарыя).

Каб прыняць рэзалюцыю, яе павінны падтрымаць ня менш за дзевяць чальцоў Рады Бясьпекі.

Рэзалюцыі з аналягічнымі фармулёўкамі заклікалі б да «гуманітарнага спыненьня агню» або «гуманітарнай паўзы», каб забясьпечыць бясьпечную дастаўку дапамогі цывільным асобам.

Абодва праекты асуджаюць тэрарыстычныя напады ХАМАС на мірных жыхароў Ізраілю 7 кастрычніка і заклікаюць да дзеяньняў у вырашэньні гуманітарнага крызісу ў сэктары Газа, дзе паліва для лякарняў і іншых важных службаў павінна скончыцца на працягу некалькіх гадзін, згодна з агенцтвамі ААН, якія працуюць на месцы.

Асноўныя адрозьненьні ў тэксьце ўключалі канкрэтнае згадваньне ў прапанове, якую падтрымліваюць ЗША, аб неад’емным праве дзяржаў на самаабарону, і заклік у прапанове пад кіраўніцтвам Расеі да неадкладнага скасаваньня ізраільскімі сіламі загаду аб эвакуацыі цывільных асоб на поўдзень Газы.

Прэс-служба ААН падкрэсьлівае, што праекты рэзалюцый не адлюстроўваюць афіцыйнай пазыцыі Рады Бясьпекі з 15 сяброў, пакуль яны ня будуць прынятыя.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.

    «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

    «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG