Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Туск: Польшча можа разьлічваць на значную дапамогу Эўразьвязу ва ўмацаваньні мяжы зь Беларусьсю


Польска-беларуская мяжа
Польска-беларуская мяжа

Польшча можа разьлічваць на значную дапамогу Эўразьвязу ва ўзмацненьні сваёй усходняй мяжы, перш за ўсё зь Беларусьсю.

Пра гэта заявіў лідэр польскай партыі «Грамадзянская плятформа» і найбольш імаверны кандыдат на пасаду прэм’ер-міністра Польшчы Дональд Туск па выніках сустрэчы 25 кастрычніка ў Брусэлі з прэзыдэнткай Эўракамісіі Урзуляй фон дэр Ляен.

Ён адзначыў, што размова ідзе аб практычных і фінансавых наступствах супрацоўніцтва Польшчы і ЭЗ у гэтым пытаньні. Паводле Туска, Эўропа зацікаўленая ў тым, каб мяжа была гермэтычнай і эфэктыўна кантралявалася, але ў той жа час каб былі адноўленыя «гуманітарныя прынцыпы працы».

  • Паводле інфармацыі памежнай аховы Польшчы, толькі за мінулы дзень, 24 кастрычніка, мяжу з боку Беларусі спрабавалі нелегальна перасекчы 120 чалавек, у тым ліку грамадзяне Альжыру, Банглядэш, Індыі.
  • З пачатку 2023 году ў Польшчу зь Беларусі спрабавалі нелегальна трапіць 1398 мігрантаў у студзені, 1455 — у лютым, 2583 — у сакавіку, 2363 — у красавіку, 2959 — у траўні, 2866 — у чэрвені, 3934 — у ліпені, 2759 — у жніўні, 1076 — у верасьні, 1632 — з пачатку кастрычніка.
  • Агулам у 2023 годзе памежнікі суседніх зь Беларусьсю дзяржаў спынілі 37 454 спробы незаконнага пранікненьня ў Эўразьвяз зь беларускай тэрыторыі (у Польшчу — 23 025, Латвію — 12 293, Літву — 2136).
  • 28 жніўня міністры ўнутраных спраў Польшчы і краін Балтыі вызначылі масавы прарыў нелегальных мігрантаў у якасьці адной з падставаў для магчымага поўнага закрыцьця мяжы ЭЗ зь Беларусьсю.

Мігранцкі крызіс пачаўся пасьля заявы Лукашэнкі

  • Міграцыйны крызіс пачаўся на фоне пагаршэньня адносін Беларусі зь Літвой, Латвіяй і Польшчай вясной 2021 году. Аляксандар Лукашэнка тады заявіў, што Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальных мігрантаў у краіны Эўразьвязу, бо праз санкцыі «ў нас на гэта няма ні грошай, ні сіл».
  • Увесну 2021 году шматкротнае павелічэньне колькасьці нелегальных мігрантаў спачатку адчула Літва. Пасьля таго як Вільня прыняла рашэньне не затрымліваць мігрантаў, а вяртаць у Беларусь, плыні нелегалаў пераарыентаваліся на Польшчу, а потым на Латвію. Гэта прывяло да напружаньня ў памежнай зоне і пастаянных сутыкненьняў літоўскіх і польскіх памежнікаў зь мігрантамі.
  • Для барацьбы з плынямі мігрантаў Літва, Латвія і Польшча пабудавалі загароды на мяжы зь Беларусьсю. Таксама Літва, Латвія і Польшча прынялі рашэньне не ўпускаць мігрантаў на сваю тэрыторыю.
  • Зьявіўся шэраг відэадоказаў таго, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • Кіраўніцтва дзяржаваў Балтыі і Польшчы ўскладае адказнасьць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады, тыя ў адказ называюць прычынай крызісу дзеяньні Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG