Новы чартарны рэйс «Белавія» зь Менску на эгіпецкі курорт Марса-Алам стартаваў 16 кастрычніка, але ўжо з 16 лістапада «Белавія» перастане лётаць на гэты курорт, паведамляе беларускі Рэспубліканскі саюз турапэратараў са спасылкай на кансалідатара палётаў «АэраБелСэрвіс».
Некалькі дзён таму «АэраБелСэрвіс» праінфармаваў турагентаў, што палёты чартараў па маршруце Менск — Марса-Алам — Менск спыняюцца з 16 лістапада.
«Прычына спыненьня праграмы — адмова запраўляць самалёты авіякампаніі „Белавія“ ў аэрапорце Марса-Алам. Нягледзячы на ўсе намаганьні авіякампаніі „Белавія“, нашыя і нашых партнэраў, вырашыць пытаньне станоўча не ўдалося», — гаворыцца ў паведамленьні.
У «АэраБелСэрвісе» дадалі, што беларускія чартары працягнуць лётаць у эгіпецкія Хургаду і Шарм-эль-Шэйх.
Чаму ў мясцовым аэрапорце адмаўляюцца запраўляць самалёты «Белавія», не паведамляецца.
- У 2021 годзе, пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску і затрыманьнем блогера Рамана Пратасевіча і грамадзянкі РФ Соф'і Сапегі, якія ляцелі на ім, Эўрапейскі Зьвяз забараніў палёты ў паветранай прасторы ЭЗ, а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ усім беларускіх авіякампаніям. ЗША таксама прыпынілі пагадненьне аб авіязносінах зь Беларусьсю.
- У лютым 2023 году турэцкая кампанія Havaş адмовілася запраўляць і абслугоўваць самалёты з Расеі, Беларусі і Ірану (у прыватнасьці, Boeing і Airbus), аснашчаныя больш як на 25% дэталямі амэрыканскай вытворчасьці. Самалёты трапілі пад абмежаваньні Міністэрства гандлю ЗША, уведзеныя вясной 2022 году ў адказ на вайну, распачатую Расеяй супраць Украіны.
- 14 сакавіка Міністэрства мытні і гандлю Турэччыны канчаткова ўвяло забарону на абслугоўваньне самалётаў, вырабленых у ЗША, якія належаць беларускай кампаніі «Белавія». Забарона датычыць 9 самалётаў.
- 9 жніўня ЗША ўвялі санкцыі супраць беларускай авіякампаніі «Белавія».
- Цяпер «Белавія» выконвае рэгулярныя рэйсы ў 21 аэрапорт 10 дзяржаў, заявіў 25 кастрычніка намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Сівак.