На мяжы Беларусі з Латвіяй паблізу латвійскіх загарод 23 кастрычніка знойдзены целы жанчыны і мужчыны, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі.
Паводле ведамства, з пачатку 2023 году на мяжы з Латвіяй загінулі 10 замежнікаў, пасьля таго як «сумежны бок цынічна пакінуў зьбітых людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе, на волю лёсу».
Прэс-служба Сьледчага камітэту паведаміла, што на месцы здарэньня сьледча-апэратыўная група правяла агляд. Для ўстанаўленьня дакладнай прычыны сьмерці прызначаны судова-мэдычныя экспэртызы, піша «Позірк».
З пачатку году беларускія памежнікі заявілі пра выяўленьне целаў ня менш як 20 чалавек на мяжы з краінамі Эўразьвязу.
Тым часам у Ігналінскім раёне Літвы 23 кастрычніка затрымалі групу з 14 мігрантаў (сярод іх дзьве жанчыны), якія нелегальна прарваліся зь Беларусі праз ахоўную агароджу. Пяцярым зь іх спатрэбілася мэдычная дапамога, паведамляе Памежная служба Літвы.
Мігранты скардзіліся «на грубыя паводзіны і зьбіцьцё з боку беларускіх памежнікаў», сьцьвярджае ведамства. Людзі заяўлялі, што іх білі па нагах, а некалькім зламалі ногі. Адзін мужчына расказаў, што беларускія памежнікі аблілі яго вадой, а затым ударылі электрычным токам у пахвіну, гаворыцца ў рэлізе.
Паведамляецца, што пасьля мэдычнага абсьледаваньня абедзьвюх жанчын адпусьцілі 23 кастрычніка. Адна зь іх — грамадзянка Сэнэгалу, іншая прадставілася грамадзянкай Емэну, але дакумэнтаў у яе не было.
У бальніцы ў Літве засталіся грамадзянін Самалі без дакумэнтаў з расьцяжэньнем зьвязак на назе і сырыец без дакумэнтаў, у якога мэдыкі дыягнаставалі абмарожаньне ступні.
За 23 кастрычніка краіны ЭЗ не дазволілі нелегальна прайсьці з тэрыторыі Беларусі 134 мігрантам (суткамі раней — 276).
Днямі паведамлялася, што з пачатку году краіны ЭЗ прадухілілі больш за 34 тысячы спробаў незаконнага пранікненьня зь Беларусі.
У 2023 годзе ўжо спынена 34 385 спробаў незаконнага пранікненьня ў ЭЗ зь беларускай тэрыторыі (у Польшчу — 21 658, Латвію — 10 746, Літву — 1981), з пачатку кастрычніка — 1161, паведамляе «Позірк».
28 жніўня міністры ўнутраных спраў Польшчы і краінаў Балтыі назвалі масавы прарыў нелегальных мігрантаў адной з падставаў для поўнага закрыцьця межаў ЭЗ зь Беларусьсю.
Статыстыка, выведзеная «Позіркам» на падставе штодзённых зьвестак, сьведчыць, што напружанасьць на мяжы Беларусі і ЭЗ вагаецца, але захоўваецца. Калі ўзімку, на пачатку году, прадухілілі 3959 спробаў нелегальнага пераходу мяжы (студзень — 1989, люты — 1970), то ўвесну — 11 560 (сакавік — 3401, красавік — 3440, травень — 4719), улетку — 13 250 (чэрвень — 3701, ліпень — 5054, жнівень — 4495); у верасьні — 4449.