Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дамаўляцца з Мадура ў Захаду інтарэс ёсьць, з Лукашэнкам — няма, — экспэрт Госьцеў


Аляксандар Лукашэнка і Нікаляс Мадура ў Менску, 5 кастрычніка 2017
Аляксандар Лукашэнка і Нікаляс Мадура ў Менску, 5 кастрычніка 2017

Палітычны аглядальнік расейскай службы Радыё Свабода, экспэрт у праблемах Лацінскай Амэрыкі Аляксандар Госьцеў аналізуе апошнія пагадненьні паміж вэнэсуэльскай уладай і апазыцыяй і зьняцьцё санкцыяў ЗША, тлумачыць, пры чым тут нафта, і праводзіць паралелі паміж вэнэсуэльскай і беларускай сытуацыяй.

Сьцісла:

  • Вэнэсуэльская апазыцыя выйграла, але яе заслуга ў гэтым ня надта вялікая.
  • Мадура сапраўды ня вельмі баіцца вэнэсуэльскай апазыцыі.
  • За мінулыя гады і Захад, і ЗША пераканаліся, што Гуайдо — гэта ня той чалавек, на якога варта рабіць стаўку.
  • Ад Беларусі Захаду ў сэнсе рэсурсаў ня трэба нічога

— 18 кастрычніка прадстаўнікі афіцыйных уладаў Вэнэсуэлы і апазыцыі, якія ўдзельнічаюць у перамовах у сталіцы Барбадасу Брыджтаўне, заключылі пагадненьне аб аднаўленьні дыялёгу і правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў у краіне ў другой палове наступнага году. У сваю чаргу, ЗША паабяцалі скасаваць пэўныя санкцыі, ужытыя супраць Вэнэсуэлы. Ці можна гэта лічыць перамогай апазыцыі, дасягнутай у тым ліку дзякуючы міжнароднаму ціску? Ці, можа, проста ўлада Мадура пайшла на гэта, бо ня бачыць тут для сябе ніякай рызыкі?

— Я думаю, што апазыцыя ад гэтага выйграла, але яе заслуга ў гэтым ня надта вялікая. Сваю ролю тут выканалі некалькі міжнародных чыньнікаў.

На фоне рэзкага абвастрэньня абстаноўкі ў сьвеце, калі існуе імавернасьць, што можа пачацца сур’ёзная рэгіянальная вайна, у якую можа быць уцягнуты і Іран, усё ўпіраецца ў нафтавае пытаньне. Вэнэсуэла мае самыя вялікія ў сьвеце даказаныя запасы нафты. Адмыслоўцы кажуць пра 17 працэнтаў ад усіх сусьветных запасаў. Гэта ў 2,5 раза больш, чым у Расеі, і ў 4 разы больш, чым у ЗША. Цана на нафту ў сувязі з апошнімі падзеямі ў сьвеце зноў расьце. Варта нагадаць, што Захад не купляе расейскую нафту, супраць яе ўведзеныя санкцыі — так што значнасьць вэнэсуэльскай нафты павялічваецца.

Таму ЗША пайшлі на вельмі рацыянальны ход. На фоне праблемаў з Кітаем, Расеяй і Іранам — наколькі б вэнэсуэльскі рэжым Мадура ні быў рэпрэсіўным і непрыемным, ён не нясе настолькі вялікай небясьпекі і пагрозы.

— Ён нясе пагрозу і рэпрэсіі толькі для ўласных грамадзянаў, а не стварае праблемы для іншых?

— Не, ён нясе пагрозу і за свае межы, але не настолькі крытычную. Ня трэба забываць, што вэнэсуэльскія ўлады абвінавачваюцца і ў кантрабандзе, і ў гандлі наркотыкамі, і ў падтрымцы ўльтралевых арганізацыяў у Лацінскай Амэрыцы, і — у свой час — у сувязях з ХАМАСам і Іранам. Часам самыя розныя антыдэмакратычныя рэжымы аб’ядноўвае толькі адно — антыамэрыканізм і імкненьне процістаяць Захаду, падаўляючы ўласных грамадзянаў.

Адрозна ад іншых таталітарных валадароў, Нікаляс Мадура — даволі неадназначны дыктатар. Вакол яго вельмі шмат аднадумцаў, паплечнікаў, таму размова менавіта пра «вэнэсуэльскую ўладу», бо рашэньні прымае не аднаасобна Мадура. Гэта не паўночнакарэйскі варыянт.

Першыя санкцыі ў адказ на рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці і апазыцыі былі ўведзеныя супраць Вэнэсуэлы яшчэ ў 2006 годзе. Аднак цяпер, на фоне неабходнасьці нафты, Вашынгтон вырашыў трошкі саступіць, у адказ дабіўшыся абяцаньня правесьці дэмакратычныя выбары.

— Але, улічваючы гэтую новую сытуацыю на рынку нафты, Мадура мог бы не пагаджацца ні на якія кампрамісы, чакаючы, калі амэрыканцы пойдуць яму насустрач. Аднак жа вэнэсуэльскія ўлады зрабілі і свае саступкі, паабяцаўшы нацыянальны дыялёг і прэзыдэнцкія выбары. Чаму Мадура пайшоў на гэтыя саступкі? Можа, ён проста не баіцца новых выбараў?

— Я думаю, ён сапраўды ня вельмі баіцца вэнэсуэльскай апазыцыі. На жаль, практыка апошніх дзесяці гадоў паказала, што апазыцыю ўзначальвалі самыя розныя лідэры, яны мяняліся, — але апазыцыя ніколі не была аб’яднанай. Потым, у 2018–19 гадах, зьявіўся Хуан Гуайдо, цяперашні лідэр, але, я лічу, і ён не апраўдаў тых вялікіх чаканьняў, якія на яго ўскладаліся. Той «часовы ўрад», які ён узначальвае, рашэньнем апазыцыйных палітыкаў, якія яго і абралі, быў распушчаны.

За мінулыя гады і Захад, і ЗША пераканаліся, што Гуайдо — гэта ня той чалавек, на якога варта рабіць стаўку.

Трэба было нешта рабіць, і Вашынгтон пайшоў на тыя дамоўленасьці, якія днямі і былі заключаныя. Вэнэсуэльская апазыцыя ў гэтым вялікай ролі ня грала.

— А што ня так рабіў Гуайдо?

— Гуайдо паказаў сябе нерашучым палітыкам, рабіў даволі супярэчлівыя заявы. Аднак і ўся вэнэсуэльская апазыцыя ніколі не была адзінай, гэта канглямэрат самых розных групаў і фракцыяў, якія ня могуць паміж сабой дамовіцца. Заключаюць самыя розныя пагадненьні, але не становяць адзінай аб’яднанай сілы. У выніку ў 2019 годзе, калі мы бачылі страшныя сутыкненьні пратэстоўцаў на вуліцах зь сілавікамі, — сілавікі не перайшлі на бок народу.

— Ці можна сказаць, што чыньнік вялікай вэнэсуэльскай міграцыі таксама паўплываў на намер ЗША дзейнічаць больш актыўна, каб дабіцца ў Вэнэсуэле нацыянальнага прымірэньня і спыніць, сярод іншага, шматмільённую міграцыю?

— Так, паводле ацэнак, з краіны ўцяклі калі 7 мільёнаў чалавек з 32 мільёнаў насельніцтва. 97 працэнтаў вэнэсуэльцаў заяўляюць, што яны рэгулярна недаядаюць. Інфляцыя вылічаецца фантастычнымі сумамі, каля мільёна працэнтаў у год. Там рэгулярны сыстэмны недахоп усяго — ад лекаў, якія пацыенты вымушаныя купляць самі, да ежы і падгузьнікаў.

Увесь адукаваны пласт грамадзтва — інжынэры, адвакаты, фінансісты — усе яны паўцякалі з краіны, і вось да чаго гэта прывяло. Вядома ж, ЗША хацелі б, каб гэты вал мігрантаў, многія зь якіх даходзяць да мяжы Мэксыкі і ЗША, быў хоць неяк зьменшаны.

— Ці магчыма правесьці паралелі паміж беларускай і вэнэсуэльскай сытуацыямі? ЗША і іншыя краіны Захаду не прызналі «перамогі» Мадура, а прызналі абраным прэзыдэнтам лідэра апазыцыі Хуана Гуайдо. Сьвятлану Ціханоўскую таксама часам называюць «прэзыдэнт-элект», хоць статус яе ня вельмі вызначаны. Але «перамогі» Лукашэнкі дакладна ніхто зь лідэраў дэмакратычных дзяржаваў не прызнае.

— Можна параўнаць, хоць параўнаньні будуць вельмі ўмоўныя. Як бачым, Вашынгтон дамаўляецца з Мадура як з рэальным кіраўніком краіны.

Ад Вэнэсуэлы ЗША трэба даволі шмат — перш за ўсё нафта, доступ да нафтавых радовішчаў для амэрыканскіх кампаніяў. Ад Беларусі Захаду ў сэнсе рэсурсаў ня трэба нічога. Патрабаваньні зводзяцца толькі да палітычных — каб Лукашэнка спыніў падтрымку Масквы ў вайне супраць Украіны, спыніў рэпрэсіі супраць уласнага народу, вызваліў палітзьняволеных. А што можа прапанаваць Лукашэнка Захаду? Беларуская эканоміка заточаная на расейскія рынкі, прадаць Лукашэнка ня можа нічога. І які інтарэс Захаду пра штосьці зь ім дамаўляцца? Пры тым, што ў Вэнэсуэле застаецца нават нейкае падабенства апазыцыйнай дзейнасьці. Працуе парлямэнт, дэпутаты ў ім крытыкуюць урад, і гэтак далей.

— Што вэнэсуэльскі кейс кажа пра гэтую вечную дылему для палітыкаў наконт таго, як ставіцца да дыктатараў? Што больш эфэктыўна: перамовы і ўцягваньне такіх рэжымаў у дыялёг — альбо санкцыі і жорсткае супрацьстаяньне зь імі?

— Усё залежыць ад дэталяў, якія санкцыі і ў якіх умовах уводзяцца. Магчыма, можна і дамаўляцца ў пэўных сытуацыях, але глядзець трэба на кожны канкрэтны выпадак, на тое, якое ў гэты момант міжнароднае становішча.

Я баюся, што Мадура вырашыў пагуляць з Захадам у гэтую «дэмакратычную» гульню, перамагчы на выбарах у 2024 годзе з дапамогай сілавога і адміністрацыйнага рэсурсу. І абвясьціць, што на гэта была воля народу. Але факт у тым, што ўласна вэнэсуэльскай апазыцыі Мадура і ў цэлым вэнэсуэльская ўлада сёньня не баяцца.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG