Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі завялі крымінальную справу аб экстрэмізьме на прыхільнікаў стварэньня «эрзянскай дзяржавы»


Артыкул пра рух «Свободный Идель-Урал» у Вікіпэдыі
Артыкул пра рух «Свободный Идель-Урал» у Вікіпэдыі

У Мардовіі ФСБ Расеі завяла крымінальную справу аб арганізацыі экстрэмісцкай супольнасьці на прыхільнікаў стварэньня незалежнай эрзянскай дзяржавы.

Аб гэтым піша агенцтва «РИА Новости» са спасылкай на спэцслужбу.
Эрзя — малы фіна-вугорскі народ, які некаторыя этнографы вылучаюць як асобны мардоўскі народ.

Паводле вэрсіі ФСБ, у 2020 годзе сузаснавальнік руху «Свободный Идель-Урал» Аляксандар Болькін разам з паплечнікамі з Украіны, ЗША і Расеі ўтварыў грамадзкі інстытут нацыянальных прадстаўнічых органаў эрзянскага народу «Кірдзіюр».

Яго ўдзельнікі нібыта імкнуліся выйсьці са складу Расейскай Фэдэрацыі і стварыць незалежную эрзянскую дзяржаву Эрзянь Мастар.


У фігурантаў справы прайшлі ператрусы, у выніку якіх сілавікі канфіскавалі тэхніку і папяровыя носьбіты інфармацыі.


У лютым 2022 году Генпракуратура Расеі ўключыла «Свабодны Ідэль-Урал» у сьпіс «непажаданых арганізацый». За супрацу з такой арганізацыяй пагражае да 4 гадоў пазбаўленьня волі.


Раней стала вядома, што 21 кастрычніка ў Мардовіі затрымалі ня менш за дзесяць эрзянскіх актывістаў. Сярод іх — 82-гадовы Кшуманцянь Піргуж і 89-гадовы пісьменьнік Нуянь Відзяз. «Ад эрзян патрабуюць публічнага адрачэньня ад нацыянальнага руху, асуджэньня яго лідэраў, бесьпярэчнай падтрымкі Расеі і кіроўнага рэжыму», — піша аб іх затрыманьні «Свободный Идель-Урал».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG