Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Форум свабодных народаў Расеі»: Яны рабуюць нашы багацьці, нафтадаляры і гэтымі ж грашыма зьнішчаюць нашы нацыянальныя рэспублікі


Украінскі, татарскі, беларускі нацыянальныя сьцягі на красавіцкіх пратэстах у Варшаве супраць каляніяльнай палітыкі Расеі, 2022 год. З татарскім сьцягам Нафіс Кашапаў
Украінскі, татарскі, беларускі нацыянальныя сьцягі на красавіцкіх пратэстах у Варшаве супраць каляніяльнай палітыкі Расеі, 2022 год. З татарскім сьцягам Нафіс Кашапаў

Удзел у форуме бяруць прадстаўнікі татарскай, башкірскай грамадзкасьці, а таксама іншых народаў Расеі, якія названы арганізатарамі «запрыгоненымі расейскім імпэрыялізмам».

8 траўня прайшоў першы дзень двухдзённай міжнароднай канфэрэнцыі «Форум свабодных народаў Расеі». Арганізатарам мерапрыемства выступіў фонд «Салідарнасьць журналістаў».

Башкіраў прадстаўляў Руслан Габасаў, кіраўнік Башкірскага нацыянальнага палітычнага цэнтру, а татараў — Нафіс Кашапаў, прадстаўнік грамадзкага руху «Свабодны Ідэль-Урал» у Польшчы, піша праект «Idel.Реалии».

Пазыцыя башкіраў

Руслан Габасаў адзначыў, што «пуцінская Расея, хаця і носіць назву „Фэдэрацыя“, зусім такой ня ёсьць». Ён назваў гэтае дзяржаўнае ўтварэньне «імпэрыяй каляніяльнага тыпу».

«Башкірскі народ шмат стагодзьдзяў вядзе барацьбу з імпэрыяй за сваю свабоду і правы», — заявіў ён.

Паводле яго слоў, дзеля таго, каб нешта зьмяніць у Расеі, неабходна поўнасьцю разбурыць цяперашнюю канструкцыю і зьбіраць рэспублікі на добраахвотнай аснове ў адну канфэдэрацыю.

«Расея ў тым выглядзе, у якім яна існуе, павінна разваліцца. Затым ужо мы маглі б сабрацца з тымі рэспублікамі, якія ўтварылі б канфэдэрацыю», — прапанаваў ён.

Ён падкрэсьліў прычыны таго, чаму башкірскі народ не задавальняе цяперашняе становішча.

«Ідзе непрыкрыты лінгвацыд і этнацыд. Сёньня да гэтага дадаўся і генацыд як у адносінах да ўкраінскага народу, так і ў адносінах да народаў Расеі, прадстаўнікоў якіх накіроўваюць на вайну на забой», — падзяліўся Габасаў.

Ён заклікаў Захад і дэмакратычны сьвет ствараць умовы для фармаваньня нацыянальных кадраў карэнных народаў Расеі на Захадзе, засноўваць мэдыяпраекты. Навучаныя на Захадзе нацыянальныя кадры ў далейшым павінны ўзначаліць свае рэспублікі.

Габасаў таксама зьвярнуўся да Ўзброеных сіл Украіны. Ён лічыць, што ўкраінскаму боку варта весьці тлумачальную працу з палоннымі з нацыянальных рэспублік Расеі і фармаваць нацыянальныя атрады супраць рэжыму Пуціна.

Пазыцыя татараў

Татарскі палітык Нафіс Кашапаў, які прадстаўляў на форуме грамадзкую плятформу «Свабодны Ідэль-Урал», таксама выступіў з прамовай і распавёў, якую працу ён і ягоныя паплечнікі праводзілі ў Татарстане цягам апошніх 30 гадоў. Ён адзначыў праекты, якія прадугледжваюць стварэньне асьветніцкай літаратуры на татарскай і расейскай мовах. Татарскага прадстаўніка таксама не задавальняе становішча ў Расеі. Ён лічыць, што тое, што адбываецца ва Ўкраіне, павінна заахвоціць татараў да пераасэнсаваньня многіх рэчаў.

«Мы, татары, павінны браць прыклад ва ўкраінцаў таго, як ваяваць з імпэрыяй», — заявіў ён.

Кашапаў выказаў шкадаваньне, што Татарстан вырабляе порах і зарады, якія выкарыстоўваюцца на вайне ва Ўкраіне.

«Нам, татарам, ганебна, што ў нас у рэспубліцы ствараюць кулі, якімі забіваюць украінцаў».

Гаворачы аб палітыцы Крамля ў адносінах Татарстану, ён адзначыў каляніяльны характар гэтых адносін.

«Яны рабуюць нашы багацьці, нафтадаляры і гэтымі ж грашыма яны зьнішчаюць нашы нацыянальныя рэспублікі», — сказаў на заканчэньне татарскі прадстаўнік.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG