Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Коля Лукашэнка і Галоўчанка ня пойдуць ваяваць». Меркаваньні экспэртаў пра новы вайсковы закон


Юрыст Міхаіл Кірылюк і палітоляг Аляксандар Казак. Каляж.
Юрыст Міхаіл Кірылюк і палітоляг Аляксандар Казак. Каляж.

У Беларусі мяняюцца правілы для вайсковаабавязаных: позвы праз СМС, большыя штрафы, зьмены тычацца службы па кантракце і адтэрміноўкі ад мабілізацыі. Навошта гэта ўладам, ці адпавядаюць зьмены міжнародным юрыдычным нормам і каго яны закрануць у Беларусі найперш?

Законапраект «Аб зьмене законаў у пытаньнях забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі» абмяркоўваем з экспэртам у нацыянальнай бясьпецы і палітолягам Аляксандрам Казаком і юрыстам Міхаілам Кірылюком.

Глядзець дыскусію на відэа цалкам

Тут фрагмэнты размовы

«Гэта надзвычайная мера, якая прымаецца падчас ваеннага становішча ці ўжо стану вайны»

— Як шмат людзей у Беларусі закрануць зьмены? Каго яны будуць тычыцца найперш?

Аляксандар Казак: У першую чаргу зьмены будуць тычыцца патэнцыйных прызыўнікоў. На вялікі жаль, у нас няма канкрэтных лічбаў пра тое, колькі людзей гэта закране. Прынамсі тыя, хто публікуе канкрэтныя лічбы, ня надта арыентуюцца ў сытуацыі з прызыўнікамі. Гэта таксама можа закрануць людзей, чые прафэсіі так ці інакш зьвязаныя з вайсковай дзейнасьцю — хімікаў, біёлягаў, мэдыкаў і гэтак далей. Што да практыкі позваў у выглядзе СМС, то гэта ня нешта нармальнае, а больш надзвычайная мера, якая прымаецца падчас ваеннага становішча ці ўжо стану вайны фактычна.

— Наколькі адпавядае міжнародным юрыдычным нормам законапраект «Аб зьмене законаў у пытаньнях забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі»?

Міхаіл Кірылюк: Гэты закон прымаецца, калі Беларусь фактычна знаходзіцца ў ваенным стане, хай не абвешчаным, але ваенным стане. Цяперашнія ўлады Беларусі садзейнічаюць Расеі ў нападзе на Ўкраіну, і гэтыя вельмі важныя абставіны мы павінны ўлічваць пры абмеркаваньні закону. Усе астатнія прыкметы ваеннага стану фактычна ўжываюцца ў Беларусі з 2020 году. Гэта і забарона масавых мерапрыемстваў, і забарона незалежных мэдыя, і поўнае зьнішчэньне ўсяго палітычнага жыцьця. Мы не абмяркоўваем, як беларусам ухіліцца ад абароны сваёй радзімы, мы абмяркоўваем тое, што беларусаў незаконны ўрад жадае ўцягнуць, магчыма, у вайну супраць Украіны. Чаго баіцца сярэдні беларус, калі пойдзе ў войска зараз? Таго, што ён рызыкуе ваяваць з Украінай, у чым абсалютная большасьць беларусаў, я ўпэўнены, не зацікаўленая.

Улады не адлюстроўваюць імкненьні і жаданьні большасьці беларусаў, якія супраць гэтай вайны. Улады хочуць выкарыстоўваць беларусаў ці як жывы шчыт, ці як нейкіх дапаможнікаў у гэтай вайне. Закон прымаюць так званыя дэпутаты парлямэнту. Ці маюць яны легітымны мандат ад беларусаў? Я ўпэўнены, што не. Хто падпісвае гэты закон? Лукашэнка. Ці зьяўляецца ён легітымным кіраўніком Беларусі? Я ўпэўнены, што не. Таму гэты закон не адпавядае нормам міжнароднага права і не адлюстроўвае волю беларусаў.

«Кожны чалавек мае права ня мець мабільны тэлефон»

Аляксандар Казак: Я часткова згодны зь Міхаілам. Трэба прыняць некаторыя падставовыя рэчы. Па-першае, сытуацыя крышталізавалася ў той бок, што ў Беларусі сапраўды не да законаў, таму ўсе гэтыя легісьляцыйныя працэсы, па сутнасьці, ня маюць для ўраду нейкага сэнсу, акрамя таго, каб запужаць насельніцтва альбо неяк змабілізаваць насельніцтва. Мы таксама павінны прыняць, што Беларусь ня тое што суагрэсар, яна таксама агрэсар, і таксама знаходзіцца ў стане вайны. Рэжым Беларусі, але не беларусы.

І я ня надта перакананы ў тым, што Коля Лукашэнка ці Галоўчанка, ці нехта яшчэ пойдзе сам ваяваць, калі мы разглядаем нейкую магчымасьць адкрыцьця новага старога фронту. І я лічу мала праўдападобным, што адкрыецца новы фронт і беларускія войскі пойдуць на тэрыторыю Ўкраіны.

— Давайце больш дэталёва разьбярэм заплянаваныя зьмены. Выклікаць у ваенкамат будуць праз СМС на тэлефон. Калі СМС адпраўленая, значыць, прызыўніка выклікалі, нават адключаны тэлефон не ўратуе. Наколькі гэта законна?

Міхаіл Кірылюк: Кожны чалавек мае права ня мець мабільнага тэлефона. Улады Беларусі быццам бы адмаўляюць у такім праве. Калі нехта адмовіцца мець мабільны тэлефон, адключыць усе свае тэлефоны, разарве кантракты, то што зь ім будзе, як за ім будуць сачыць? Мы гэтага ня ведаем. Калі б гэта быў закон, які б заклікаў беларусаў уступаць у войска, якое сапраўды абараняе інтарэсы беларусаў, то і такога абмеркаваньня не было б цяпер.

«Большасьць тых, каго гэта нэгатыўна закранае, ужо зьехалі або ў працэсе»

— Аляксандар, якой можа чакаць рэакцыі ў грамадзтве, публічнай і непублічнай?

Аляксандар Казак: Няхай уводзяць. Час пакажа. Большасьць тых, каго гэта нэгатыўна закранае, ужо зьехалі або ў працэсе. Давайце будзем глядзець праўдзе ў вочы. Тыя, хто застаўся, або гатовыя пайсьці ў войска, або цалкам з гэтым пагаджаюцца і прымаюць гэта больш чым станоўча. Не мяркую, што гэта неяк моцна паўплывае на дэмакратычную супольнасьць ці на апазыцыйную супольнасьць Беларусі, бо наўрад ці нехта з той жа Польшчы ці Літвы вернецца ў Беларусь, каб аддаць радзіме свой год у войску.

  • Калі новаўвядзеньні прымуць, то выклікаць у ваенкамат будуць праз СМС на тэлефон. І нават адключаны тэлефон не ўратуе. У законапраекце прапісана, што калі СМС адпраўленая, значыць, прызыўніка выклікалі. Грамадзяне паводле закону павінны будуць паведамляць у ваенкамат пра зьмену асабістага нумару тэлефона.
  • У законапраекце прапісанае істотнае павелічэньне штрафаў за няяўку ў ваенкамат. Прадугледжана павелічэньне штрафаў для «службовых асобаў», якія не паведамілі грамадзянам пра выклік у ваенкамат. Вырастуць штрафы за «парушэньне абавязкаў па воінскім уліку», гэта калі не паведаміў ваенкамату пра пераезд ці яшчэ нейкія зьвесткі. Павялічваецца і крымінальная адказнасьць, калі чалавек не зьявіўся на прызыў: было да двух гадоў пазбаўленьня волі, стала да трох.
  • Мяняюцца правілы службы па кантракце. Цяпер ёсьць шмат абмежаваньняў, але калі прымуць законапраект, то на службу па кантракце могуць пачаць прымаць у любым узросьце, а таксама ўхілістаў, судзімых і былых зьняволеных.
  • Законапраект прапануе шэраг паправак у закон «Аб мабілізацыйнай падрыхтоўцы і мабілізацыі», згодна зь імі зьменяцца катэгорыі людзей, якія маюць права на адтэрміноўку ад прызыву. Пункт «прызнаныя часова непрыдатнымі да вайсковай службы ў ваенны час па стане здароўя — на тэрмін да шасьці месяцаў» будзе выкрасьлены.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG