Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Разумны» станік: у ЗША распрацавалі апарат для своечасовага выяўленьня найбольш распаўсюджанага віду раку


Дасьледваваньне малочных залозаў. Ілюстарцыйнае фота
Дасьледваваньне малочных залозаў. Ілюстарцыйнае фота

У ЗША распрацавалі ўльтрагукавы апарат, які будзе ўмантоўвацца ў станік і сканаваць грудзі на наяўнасьць пухлінаў, паведамляе ВВС.

Тэхналёгію распрацавала каманда лябараторыі Масачусэцкага тэхналягічнага інстытута (MIT) пад кіраўніцтвам прафэсаркі з Турэччыны Джанан Дагдэвірэн. Ідэя прыйшла ёй у галаву, калі яе цётка некалькі гадоў таму захварэла на агрэсіўную форму раку і памерла.

Прылада дазволіць больш эфэктыўна назіраць за пацыенткамі з групы рызыкі, адсочваючы зьяўленьне пухлінаў.

Паводле дадзеных Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ), рак малочнай залозы зьяўляецца найбольш распаўсюджаным відам анкалёгіі. У 2020 годзе гэты дыягназ паставілі 2,3 мільёнам жанчын, і 685 тысячаў пацыентак ад яго памерлі.

У жанчын гэта другая паводле распаўсюджанасьці прычына сьмерці.

Паводле дадзеных Амэрыканскага анкалягічнага таварыства, раньняе выяўленьне раку малочнай залозы на стадыі першаснай пухліны дае пацыентцы 99-адсоткавы шанец пражыць яшчэ прынамсі пяць гадоў.

Доктар Дагдэвірэн кажа, што прылада можа дапамагчы раньняй дыягностыцы — бо сярод жанчын, у якіх рак грудзей быў дыягнаставаны на больш позьняй стадыі, да пяцігодзьдзя дыягназу дажываюць толькі 22% пацыентак.

Як гэта працуе і колькі каштуе

Інжынэрка-матэрыялазнаўца MIT Джанан Дагдэвірэн распрацавала «разумны станік» з гнуткім пластырам, да якога прымацаваны сканэр для распазнаньня пухліны. Па словах прафэсаркі, прыбор можа выявіць ушчыльненьні дыямэтрам да 0,3 см, што прыкладна адпавядае памеру пухліны на раньняй стадыі.

На распрацоўку прылады ў каманды MIT спатрэбілася шэсьць з паловай гадоў. У жніўні яе запатэнтавалі ў ЗША, цяпер яна праходзіць клінічныя выпрабаваньні.

На сёньняшні дзень кошт кожнага апарата складае амаль 1000 даляраў, але вынаходнікі запэўніваюць, што па меры пашырэньня вытворчасьці цана будзе зьніжацца.

У тэорыі прыладу можна выкарыстоўваць і для сканаваньня іншых частак цела.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG