Супрацоўнікі мытні на пункце пропуску Райгардас затрымалі грамадзяніна Беларусі, які спрабаваў без дэклярацыі ўвезьці 18 тысяч эўра.
Як паведамляецца на сайце Мытнай службы Літвы, цяпер справу аб «кантрабандзе» расьсьледуюць у Ковенскай раённай пракуратуры.
У Мытнай службе Літвы нагадалі, што без дэкляраваньня на тэрыторыю Літвы, як і ўва ўсе краіны Эўразьвязу, можна ўвозіць ня больш за 10 тысяч эўра.
У выпадку перавышэньня гэтай сумы грамадзянін павінен запоўніць і падпісаць дэклярацыю аб грашовых сродках без асобнага запыту супрацоўніка мытні. У той жа час мытнік можа запатрабаваць задэкляраваць і меншую суму грошай, калі мае падазрэньні ў незаконнай дзейнасьці, зьвязанай з адмываньнем грошай, фінансаваньнем тэрарызму або іншымі парушэньнямі заканадаўства.