Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турэччына не сьпяшаецца ратыфікаваць уступленьне Швэцыі ў NATO. Крыніцы расказалі чаму


Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган выступае на адкрыцьці сэсіі парлямэнту, Анкара, 1 кастрычніка 2023
Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган выступае на адкрыцьці сэсіі парлямэнту, Анкара, 1 кастрычніка 2023

Турэччына адклала ратыфікацыю заяўкі Швэцыі на ўступленьне ў NATO ў гэтым месяцы.

Анкара чакае прыкмет падтрымкі ўладамі ЗША яе запыту на набыцьцё самалётаў F-16, паведамілі агенцтву Reuters яго крыніцы.

Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган у ліпені паабяцаў накіраваць заяўку ў парлямэнт краіны для ратыфікацыі, калі заканадаўцы зноў зьбяруцца на сэсію ў кастрычніку, каб ухваліць заяўку Швэцыі.

Аднак з моманту адкрыцьця сэсіі 1 кастрычніка камісія парлямэнту ў замежных справах, якая будзе абмяркоўваць заяўку на ўступленьне Швэцыі ў NATO, атрымала на разгляд амаль 60 міжнародных пагадненьняў, але не швэдзкае.

Два чалавекі, знаёмыя з сытуацыяй, сказалі, што Анкара хацела дзейнічаць у тандэме з Вашынгтонам, а Дзярждэпартамэнт, як чакаецца, будзе дамагацца ўхвалы Кангрэсам продажу Турэччыне зьнішчальнікаў F-16 на суму 20 мільярдаў даляраў і дзясяткаў камплектаў для мадэрнізацыі.

«Улічваючы адсутнасьць даверу па пытаньні аб F-16 і ўступленьні Швэцыі ў Паўночнаатлянтычны альянс, Турэччына не сьпяшаецца з ратыфікацыяй прапановы NATO і шукае прыкметаў таго, што Злучаныя Штаты адначасова робяць крокі», — сказаў прадстаўнік кіруючай партыі Турэччыны.

Другі чалавек, знаёмы з амэрыканска-турэцкімі перамовамі, паведаміў, што прапанова, паводле якой кожны бок зробіць крокі па ратыфікацыі заяўкі NATO, з аднаго боку, і закупе F-16, з другога, была адкладзеная.

Дзярждэпартамэнт спадзяецца на ўступленьне Швэцыі ў NATO «ў найбліжэйшай будучыні», заявіў прадстаўнік ведамства, дадаўшы, што прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн «падтрымаў продаж F-16 у інтарэсах альянсу, Злучаных Штатаў і іх адносін з Турэччынай».

Чакаецца, што Турэччына, якая мае другую паводле велічыні армію ў NATO, урэшце падтрымае просьбу Швэцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG