Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СНД: як заціхае доўгае рэха СССР


Нефарміальны саміт СНД у Санкт-Пецярбургу, кастрычнік 2022
Нефарміальны саміт СНД у Санкт-Пецярбургу, кастрычнік 2022

13 кастрычніка ў сталіцы Кіргізстану Бішкеку адбудзецца саміт краінаў СНД. Гэтая падзея — добрая нагода, каб прыгадаць эвалюцыю міждзяржаўнага аб’яднаньня, якое ўтварылася на абломках СССР.

Сьцісла:

  • СНД пачала разбурацца амаль адразу пасьля ўтварэньня.
  • Яе разбуралі моцныя нацыянальныя ідэнтычнасьці і адсутнасьць ідэнтычнасьці супольнай.
  • Важным чыньнікам выпетрываньня СНД стала імкненьне Расеі да дамінаваньня.
  • Садружнасьць не адыграла ніякай ролі ў вырашэньні канфліктаў паміж сваімі чальцамі.
  • СНД цяпер — клюб (аднак не саюз) дыктатараў.

У казцы Льюіса Кэрала «Аліса ў краіне цудаў» гераіня сустракаецца з Чэшырскім катом, які раствараецца ў паветры, і толькі ягоная ўсьмешка яшчэ працягвае лунаць у прасторы. Нешта падобнае адбылося і з Садружнасьцю незалежных дзяржаваў, утворанай амаль траціну стагодзьдзя таму.

Напачатку, пасьля ліквідацыі СССР, СНД задумвалася і разглядалася як той самы адноўлены, палепшаны, больш справядлівы Савецкі Саюз, пра які так шмат гаварыў апошні прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў. Зьнешняя палітыка агульная, абарончая палітыка — таксама, шмат якія іншыя сфэры дзяржаўнага жыцьця таксама агульныя альбо ўзгодненыя — словам, канфэдэрацыя.

Але ўсё пайшло ня так амаль што ад пачатку. Памятаю вельмі красамоўны эпізод са свайго журналісцкага досьведу. 1992 год. У Менску, у штаб-кватэры СНД, адбываецца нарада міністраў абароны краінаў Садружнасьці пад старшынствам маршала Яўгена Шапашнікава, які займаў тады пасаду галоўнакамандуючага Ўзброенымі сіламі СНД.

На пасяджэньне дапусьцілі журналістаў. Паміж удзельнікамі ўзьнікла нейкая спрэчка, і тагачасны міністар абароны РФ Павал Грачоў даволі рэзка кінуў старшыні: «Вось я — расейскі афіцэр. А вы, спадар маршал, які?». «Марсіянскі я», — адказаў Шапашнікаў. У тым сэнсе, што прадстаўляе ўсіх, усе краіны Садружнасьці.

У гэтым дыялёгу — пэўна, сутнасьць таго, што адбылося з СНД. Справа ў тым, што распад СССР зусім ня быў гістарычнай выпадковасьцю, Саюз разбурылі сасьпелыя нацыянальныя ідэнтычнасьці частак, зь якіх ён складаўся. А супольная савецкая ідэнтычнасьць ужо тады была спарахнелай, «марсіянскай», і з кожным годам выпетрывалася ўсё далей.

Былі і асаблівасьці, якія паскаралі, узмацнялі гэты працэс. І зьвязаныя яны былі з роляй Расеі — і да СССР, і падчас, і пасьля. Расея, Масква, была цэнтрам імпэрыі, яе палітычная культура была ня надта прыдатная для дыялёгу, кампрамісу. Нездарма, дарэчы, тое пытаньне Шапашнікаву задаў ня ўзбэцкі ці беларускі, а расейскі міністар.

Прывіднасьць супольнай «марсіянскай» ідэнтычнасьці была засьведчана і тым, што пасаду галоўнакамандуючага Ўзброенымі сіламі СНД у хуткім часе скасавалі, а Шапашнікаў ужо ў 1993 годзе стаў сакратаром Рады бясьпекі Расеі.

Да спэцыфічнасьці расейскай палітычнай культуры дадаліся і суадносіны дэмаграфічных ды іншых парамэтраў краінаў-чальцоў Садружнасьці. Насельніцтва Расеі складала прыкладна палову насельніцтва ўсіх краінаў Садружнасьці (у 2021 годзе — 51%). Для параўнаньня: насельніцтва Нямеччыны, самай буйной краіны ЭЗ, складае менш за 20% супольнага насельніцтва Зьвязу, там ёсьць меншыя, але сувымерныя зь ёю паводле розных парамэтраў краіны — Францыя, Італія.

Як той казаў, памер мае значэньне. Саюз, у якім адзін чалец роўны ці нават пераўзыходзіць усіх астатніх разам, наўрад ці будзе ўстойлівы, нават калі гэты чалец вызначаецца выключнай талерантнасьцю. У выпадку ж СНД гэты чалец вызначаецца зусім іншымі якасьцямі.

Амаль адразу пасьля ўтварэньня СНД паказала сваю бездапаможнасьць у вырашэньні канфліктаў паміж чальцамі. Канфлікт у Нагорным Карабаху Садружнасьць атрымала ў спадчыну ад СССР. Аднак ужо ў 1992 годзе там распачалася поўнамаштабная вайна паміж Армэніяй і Азэрбайджанам. Уплыў СНД на яе хаду, на прымірэньне бакоў быў нулявы. Пэўную ролю, хоць і ня надта плённую, адыграла ў гэтым тады Расея. Але не «марсіянская» Садружнасьць.

Гэткая пятля часу. На цяперашні саміт СНД у Бішкеку ня едзе прэмʼер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян. Гэта дэмарш, рэакцыя на тое, што Нагорна-Карабаская Рэспубліка сёлета пад вайсковым ціскам Азэрбайджану капітулявала. І СНД не адыграла ў разьвіцьці падзеяў у рэгіёне абсалютна ніякай ролі.

Дарэчы, зусім нядаўна гаспадар цяперашняга саміту — Кіргізстан — меў востры канфлікт з суседнім Таджыкістанам. І зноў жа — Садружнасьць да яго залагоджваньня ніякага дачыненьня ня мела.

Зь першапачатковых чальцоў СНД дзьве краіны — Грузія і Ўкраіна — выйшлі зь яе складу з прычыны агрэсіі трэцяга чальца — Расеі. Гэтыя дзьве краіны, а таксама Малдова, зрабілі выбар на карысьць эўрапейскай інтэграцыі. І розны геапалітычны выбар чальцоў Садружнасьці быў яшчэ адным фактарам, які выпустошваў і без таго ня вельмі глыбокі зьмест гэтага міждзяржаўнага ўтварэньня. Кіраўнік Малдовы, дарэчы, таксама не прыедзе ў Бішкек.

Акрамя ўжо далёкага супольнага савецкага мінулага, у краінаў Садружнасьці, па сутнасьці, няма супольных і нават блізкіх інтарэсаў. Што можа сёньня абʼядноўваць, скажам, Малдову і Таджыкістан, акрамя таго, што ў свой час Пецярбург і Масква далучылі тэрыторыі гэтых краінаў да імпэрыі?

Тут можна правесьці пэўную аналёгію з ААН. Цяпер тое ўжо забылася, але падчас утварэньня ААН пасьля Другой сусьветнай вайны арганізацыя бачылася яе амэрыканскім стваральнікам як нейкі сусьветны парлямэнт ці нават сусьветны ўрад (тэорыя «чатырох паліцэйскіх» — ЗША, СССР, Вялікая Брытанія і Кітай). Усе гэтыя пляны ня спраўдзіліся. Але не сказаць, што ніякага сэнсу і карысьці ад ААН няма. Урэшце, гэта пляцоўка для дыялёгу, хай часам гэта дыялёг глухіх. Ёсьць пэўная карысьць ад некаторых інстытутаў ААН.

Дык і СНД — таксама найперш і пераважна пляцоўка для дыялёгу. Праўда, ужо даволі даўно яна стала гэткім клюбам дыктатараў. І невыпадкова, што цяпер у Бішкеку сабраліся лідэры краінаў, мякка кажучы, далёкіх ад дэмакратычных стандартаў — сабраліся аўтарытарыі. Але СНД — гэта ня іх саюз, а іх клюб.

Тое, што СНД ня ёсьць і насамрэч ніколі не была эфэктыўным саюзам — гэта хутчэй да лепшага. Так, яна не вырашала ніякіх сурʼёзных палітычных праблемаў. Але і не станавілася ў шыхт у падтрымку таго ці іншага чальца, Расеі ў тым ліку.

СНД як міждзяржаўнае ўтварэньне не ўхваляла ні вайну Расеі з Грузіяй, ані расейскую анэксію Крыму, ані напад РФ на Ўкраіну ў 2022 годзе.

Асобныя краіны маглі ў межах двухбаковых адносінаў прымаць тыя ці іншыя зьнешнепалітычныя рашэньні. Напрыклад, Беларусь у 2022 годзе стала суагрэсарам з Расеяй адносна Ўкраіны. Асобныя краіны — але не СНД.

Варта таксама прыгадаць шэраг пагадненьняў у межах Садружнасьці, якія насамрэч маюць пэўную карысьць і каштоўнасьць для звычайных людзей: аб зоне вольнага гандлю, аб візах, аб пэнсійным забесьпячэньні, аб адукацыі. Свабодна езьдзіць, гандляваць, вучыцца — у гэтым звычайныя людзі зацікаўленыя.

Праўда, пераважная частка гэтых пагадненьняў імплемэнтаваная ў двухбаковыя пагадненьні паміж дзяржавамі-чальцамі Садружнасьці. Яны маглі б быць заключаныя і без агульнай «рамкі» СНД. Клюб дыктатараў і гэтая агульная «рамка» — вось той прывід, які застаўся ад мёртвага Савецкага Саюзу.

Ніхто і не чакае, што ў Бішкеку прывід напоўніцца жыцьцёвымі сіламі, а ўсьмешка ператворыцца ў ката. Не чакаюць гэтага і Аляксандар Лукашэнка з Уладзімірам Пуціным.

Нейкія рытуальныя заклінаньні наконт пажаданасьці адзінства будуць, безумоўна, сказаныя, магчыма, нават усімі ўдзельнікамі саміту. Але і рэакцыя іх усіх на гэтыя заклікі да болю прадказальная.

Колькі часу яшчэ будзе існаваць гэты дзіўны старасьвецкі фэномэн? Магчыма, і доўга. Магчыма, мяжой будзе час, калі на чале ўсіх краінаў Садружнасьці ўжо ня будзе ніводнага лідэра, народжанага ў СССР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG