29 верасьня суд Маскоўскага раёну Берасьця арыштаваў мужчыну на 12 сутак за 30 падабаек на ютубе. Згодна з пастановай, усе падабайкі беларус паставіў 18 верасьня, а на наступны дзень яго затрымалі.
Сярод адзначаных відэа — сюжэты «Белсат» і Nexta, старонак, якія названыя ўладамі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Зыходзячы з пастановы, падабайкі пад сюжэтамі «садзейнічалі павышэньню рэйтынгу інфармацыйнага каналу, чым ажыцьцяўлялі захоўваньне з мэтай распаўсюду інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Суд прыгаварыў мужчыну да 12 сутак арышту за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (частка 2 артыкула 19.11 КаАП). У судзе ён цалкам прызнаў віну.
Гэта ўжо ня першы арышт чалавека ў Беларусі за падабайкі. Раней падобныя выпадкі здараліся, напрыклад, за падабайкі і перадрукі допісаў у сацыяльных сетках Facebook і «Аднаклясьнікі». Таксама людзей затрымліваюць і проста за падпіску на рэсурсы, якія ўлады прызналі «экстрэмісцкімі».