Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ДТЗ пад Вільняй загінуў беларускі палітуцякач, былы баец палку Каліноўскага


Віктар Савіч, архіўнае фота
Віктар Савіч, архіўнае фота

Увечары 9 кастрычніка недалёка ад Вільні ў ДТЗ загінуў грамадзянін Беларусі. Як высьветлілася, ім быў гамяльчук Віктар Савіч, які вымушана зьехаў зь Беларусі ў 2021 годзе.

Пра гібель беларуса ў ДТЗ пад Вільняй паведаміла літоўскае выданьне Delfi.lt. Паводле выданьня, мужчына спыніўся на магістралі, выйшаў з машыны, і яго зьбіў цягач, кіроўца якога не заўважыў чалавека на шашы.

Нябожчыка звалі Віктар Савіч, паведаміў у Фэйсбуку актывіст Андрэй Шарэнда, які быў ягоным прыяцелем.

Андрэй Шарэнда расказаў пра Віктара Савіча «Нашай Ніве». Паводле Андрэя, Віктар Савіч трапіў у Літву ў 2021 годзе, пасьля таго як на яго завялі крымінальную справу. У Літве ён быў у статусе ўцекача. Пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне 24 лютага ён спаліў каля беларускай амбасады свой беларускі пашпарт і практычна на наступны дзень добраахвотна паехаў на фронт, запісаўся ў полк імя Каліноўскага, прабыў там больш за паўгода, вярнуўся летась увосень.

У Вільні ён актыўна займаўся грамадзкай дзейнасьцю, пісаў вершы, у тым ліку напісаў словы нефармальнага гімну палку імя Кастуся Каліноўскага.

Бацькі Віктара Савіча таксама былі вымушаныя зьехаць зь Беларусі сьледам за сынам, але яны жывуць у іншых краінах, расказаў Андрэй Шарэнда. Цяпер яны прыехалі ў Вільню, дзе паліцыя расьсьледуе інцыдэнт.

Наколькі вядома Андрэю Шарэнду, Віктар Савіч вяртаўся дахаты, і ўжо практычна на мяжы Вільні ў ягонай машыне заглух матор. Віктар выйшаў зірнуць, што здарылася. У прыцемках кіроўца цягача яго не заўважыў.

Як піша «Флагшток», Віктар Савіч удзельнічаў у баі, у якім загінуў вядомы беларускі добраахвотнік з пазыўным «Брэст». Тым часам спэцслужбы Беларусі, паводле інфармацыі выданьня, узялі ў закладнікі бацькоў Віктара і пачалі зь ім прыватную перапіску, у якой пагражалі і публікавалі відэа бацькоў з турэмнай камэры. Тады Віктар разарваў кантракт з Узброенымі сіламі Ўкраіны і трапіў у скандал, калі ягонае інтэрвію зьявілася на дзяржаўным прапагандысцкім канале «Беларусь 1».

Тое інтэрвію зь Віктарам падманам запісаў літоўскі юрыст Мантас Данелюс, сказаўшы, што гэта ролік для амбасады ЗША. У Літве Данелюса цяпер судзяць па абвінавачаньні ў шпіянажы на карысьць уладаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG