Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка баіцца паўтарыць лёс Мілошавіча, — Роза Турарбекава


Слабадана Мілошавіча вядуць у залю Суду ААН у ваенных злачынствах. Гаага, 2001
Слабадана Мілошавіча вядуць у залю Суду ААН у ваенных злачынствах. Гаага, 2001

Палітоляг і гісторык Роза Турарбекава аналізуе, чым пагражае Менску гісторыя з вывазам украінскіх дзяцей, разважае, чаму ў некаторых пытаньнях Лукашэнка ігнаруе міжнародную рэакцыю, а ў іншых — вельмі яе апасаецца, і нагадвае, лёс якіх палітыкаў Лукашэнка баіцца паўтарыць.

Сьцісла:

  • Выпадак з вывазам украінскіх дзяцей можа быць кваліфікаваны як злачынства на міжнародным узроўні.
  • Менскі рэжым не разьлічваў, што будуць сабраныя настолькі дакладныя доказы, дакумэнтальныя сьведчаньні
  • Лукашэнка так дзейнічае заўсёды: ён не выключае для сябе ніякіх варыянтаў.

— Чаму менскі рэжым відавочна занепакоены гісторыяй з украінскімі дзецьмі, пачынае актыўна апраўдваць свае дзеяньні? Адрозна ад іншых выпадкаў, у якіх міжнародная рэакцыя альбо асуджэньне афіцыйны Менск нібыта мала непакоіць, тут улады відавочна замітусіліся. Чаму?

— Наколькі я разумею, ужо відавочна, што гэты выпадак з вывазам украінскіх дзяцей можа быць кваліфікаваны як злачынства на міжнародным узроўні. І гэта можа стаць падставай для выдачы Міжнароднага ордэра. Факты разглядаюцца ўсебакова, на самых розных узроўнях, у тым ліку на ўзроўні ААН. І паколькі дакумэнтальная база вельмі сур’ёзная — гэта відавочна выклікае такія асьцярогі з боку адміністрацыі Лукашэнкі.

Роза Турарбекава
Роза Турарбекава

Зь іншага боку, цалкам адмовіцца ад сваіх дзеяньняў яны ня могуць, яны іх працягваюць, але адначасова спрабуюць сябе абараніць — у тым сэнсе, што імкнуцца прадставіць нейкія альтэрнатыўныя аргумэнты. Маўляў, гэта ніякае не злачынства, зусім ня тое маецца на ўвазе, размова не ідзе пра выкраданьне дзяцей, гэта быў іхні добраахвотны крок.

— Вы кажаце: яны прадбачаць наступствы гэтых дзеяньняў, але ня могуць іх спыніць. Цікава, што ўлады Беларусі нярэдка наўмысна абвастраюць сытуацыю тымі ці іншымі дзеяньнямі, «нарываюцца» на жорсткую рэакцыю. Але тут яўна іншая гісторыя. Як падаецца, яны сапраўды не чакалі такой рэакцыі, такіх наступстваў, — бо не разумелі, што робяць нешта вельмі кепскае?

— Мне падаецца, гэта цалкам укладалася ў тую карціну сьвету, якая ёсьць у галаве Лукашэнкі. Яму неабходна было паказаць, што яны клапоцяцца аб дзецях, бо дзеці — гэта заўсёды бяспройгрышны варыянт у палітычным піяры.

Акрамя таго, я думаю, яны не разьлічвалі, што будуць сабраныя настолькі дакладныя доказы, дакумэнтальныя сьведчаньні, якія даюць падставы для разгляду гэтай справы.

Калі яны гэта пачыналі, то яўна хацелі падаць сябе як бок, які клапоціцца пра дзяцей, ратуе іх ад вайны. А выйшла ўсё наадварот.

— Калі Менск убачыў такія магчымыя наступствы, чаму адразу радыкальна не спыніў свае дзеяньні ў гэтым кірунку? І ці зробіць гэта пазьней?

— Я думаю, гэта будзе залежаць ад кантэксту разьвіцьця падзеяў. Яны будуць глядзець на тое, як справа разьвіваецца на міжнародных пляцоўках. Магчыма, будзе радыкальны адкат назад, але магчымы і працяг.

Бо адміністрацыя Лукашэнкі нярэдка дзейнічае сытуатыўна. Як, напрыклад, з вагнэраўцамі — лягер фактычна згарнулі, але канчаткова ад прысутнасьці вагнэраўцаў у Беларусі не адмовіліся, трымаюць на ўсялякі выпадак.

Тут магчыма тое самае, ня варта нічога выключаць. Лукашэнка так дзейнічае заўсёды — не выключае для сябе ніякіх варыянтаў.

— Выглядае, што Лукашэнка ўсур’ёз устрывожаны пэрспэктывай трапіць пад ордэр Міжнароднага крымінальнага суду. Бо, у адрозьненьне ад Пуціна, кіраўніка ядзернай дзяржавы, у Лукашэнкі значна больш шанцаў трапіць у непрыемнасьці ў любой краіне, якая прызнае паўнамоцтвы гэтага суду.

— Лукашэнка даўно баіцца падзяліць лёс Мілошавіча, які трапіў пад міжнародны суд. Успамінае і лёс Кадафі, але там быў іншы прыклад — не міжнароднага правасудзьдзя, а расправы. Быў і кейс Садама Хусэйна — таксама прававы, але на нацыянальным узроўні. Усё гэта Лукашэнка ня раз узгадваў у самых розных сытуацыях, што паказвае, што ў яго ёсьць такая траўма — апасеньне, што зь ім можа адбыцца нешта падобнае.

— Ці можна знайсьці заканамернасьць, у якіх пытаньнях Менск амаль цалкам ігнаруе міжнародную рэакцыю, а ў якіх пачынае здаваць назад, заклікаць разабрацца, робіць «дээскаляцыю» альбо нават адмяняе некаторыя свае крокі?

— Ёсьць пытаньні, вельмі балючыя для Адміністрацыі, а ёсьць іншыя, якія не зьяўляюцца для іх істотнымі — зь іхнага гледзішча. У цэлым гэтая ацэнка характэрная для дваровага хулігана, які не баіцца суседкі-пенсіянэркі, але баіцца суседа-міліцыянта. І ён ацэньвае сытуацыю: калі закране інтарэсы пэнсіянэркі — яму за гэта нічога ня будзе. А тое, што ў цэлым ён стварае сабе пэўны імідж, які прывядзе ў выніку да вялікіх праблемаў — так ён сытуацыю не ацэньвае, бо думае вельмі інструмэнтальна.

— Да таго ж безабаронная пэнсіянэрка можа аб’яднаць усіх вакол сябе, альбо яна можа аказацца сяброўкай таго ж міліцыянта?

— Так, і менавіта яе заява можа аказацца апошняй кропляй, якая прывядзе гэтага хулігана да благога канца.

— Тым ня менш у цяперашняй Беларусі працягваюцца рэпрэсіі, колькасьць палітвязьняў ня меншае, а рэжым пакуль адчувае сябе тым самым беспакараным хуліганам. І некаторыя аглядальнікі кажуць, што сёньня вялікіх міжнародных рычагоў, каб вызваліць палітвязьняў, няма. Ці так гэта?

— Рычагі ёсьць, але пытаньне ў тым, ці могуць яны быць задзейнічаныя. Напрыклад, санкцыі Рады Бясьпекі ААН. Але, як добра вядома, у Радзе засядаюць вялікія сябры афіцыйнага Менску — Расея і Кітай, яны сталыя чальцы Рады Бясьпекі.

Калі міжнародная супольнасьць выступае адзіным фронтам, то такія дзеяньні прыводзяць да выніку. Сёньня мы бачым санкцыі з боку асобных краінаў ці кааліцыяў, гэта ня санкцыі ўсёй міжнароднай супольнасьці.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG